Ферэнц Контра: На цырымонію святкавання 9 мая нас "забылі" запрасіць

Паслы краін Еўрасаюза і ЗША не прысутнічалі на цырымоніі афіцыйнага святкавання Дня Перамогі ў Мінску 9 мая ў сувязі з тым, што іх туды не запрасілі. Пра гэта паведаміў журналістам Ферэнц Контра, кіраўнік пасольства Венгрыі, якая старшынствуе ў ЕС.

Паслы акрэдытаваных у Беларусі краін ЕС і прадстаўнік пасольства ЗША ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі 10 мая.

"Мы не прыйшлі, таму што нас "забылі" запрасіць, — сказаў пасол Венгрыі. — Без запрашэння мы, вядома, не маглі прыйсці, таму ў пятніцу праінфармавалі службу пратакола МЗС Беларусі, што прыйдзем 10-га". Паводле слоў Ферэнца Контры, "крыху дзіўна, што нехта спрабуе раздзяліць дыпламатычны корпус і не паклікаў на цырымонію прадстаўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі". Каментуючы сюжэты па дзяржаўных беларускіх тэлеканалах, дзе няяўка паслоў ЕС на афіцыйную цырымонію святкавання Дня Перамогі прыраўноўвалася ледзь не да падтрымкі нацызму, дыпламат зазначыў: такія заявы не маюць дачынення да журналістыкі, таму што з'яўляюцца прапагандай. Пасол Венгрыі таксама пракаментаваў словы Аляксандра Лукашэнкі аб гатоўнасці ўладаў Беларусі да дыялогу з ЕС. "Мы таксама адкрытыя, але чакаем, каб Беларусь вызваліла палітзняволеных. Пакуль ёсць палітзняволеныя, дыялог вядзецца толькі на тэхнічным узроўні", — падкрэсліў Ферэнц Контра.

Таццяна Каравянкова, "БелаПАН"