Рыгор Барадулін трапіў у рэанімацыю, але працягвае пісаць хуліганскія вершы

Пакуль увага беларусаў была прыцягнутая да трагедыі 11 красавіка, незаўважанай прайшла іншая вялікая непрыемнасць –трапіў у рэанімацыю народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Паклаўшыся ў шпіталь на чарговае абследаванне, дзядзька Рыгор раптам стаў пачувацца горш – і ў выніку яго перавялі ў рэанімацыю.

Пакуль увага беларусаў была прыцягнутая да трагедыі 11 красавіка, незаўважанай прайшла іншая вялікая непрыемнасць –трапіў у рэанімацыю народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Паклаўшыся ў шпіталь на чарговае абследаванне, дзядзька Рыгор раптам стаў пачувацца горш – і ў выніку яго перавялі ў рэанімацыю.

“У яго было, як кажуць, “планавае ляжанне” ў неўралогіі. Але там высветлілася, што ў яго і запаленне лёгкіх! – распавяла жонка паэта Валянціна Барадуліна. – Яго перавялі ў рэанімацыю, бо там ёсць неабходнае абсталяванне для вентыляцыі лёгкіх. І ў яго не спадае тэмпература – 37.1 – 37.4 градусаў. Здаецца, і невялікая, але вельмі брыдкая… Падымалася і да 38… Ён там быў да пары, пакуль лекары не сказалі, што лёгкія чыстыя. Цяпер ён далечваецца ў тэрапіі, але кашаль у яго не праходзіць…”

Самае небяспечнае, кажа Валянціна Міхайлаўна, што лекары не могуць сказаць адназначна, ад чаго ў народнага паэта трымаецца тэмпература.

Валянціна Барадуліна: “Лекары кажуць, што гэта ўсё ад хваробы Паркінсона ў цяжкой форме. Я думала, што гэта, калі ўсё трасецца – а ў яго ж толькі адна рука... Але высветлілася, што ў яго ёсць парушэнні знутры – спазмы, глытаць яму вадкасць цяжка…”

Рыгору Барадуліну прызначылі новыя лекі – і як мінімум бліжэйшыя два тыдні гаворка пра выпіску не ідзе. Між іншым, за апошнія гады гэта ўжо не першы раз, калі паэт апынаецца ў рэанімацыі.

Валянціна Барадуліна: “Самы першы раз ён выпіў адны лекі, а на раніцу яго забралі ў рэанімацыю… Але ён тады адтуль выбраўся хуценька, ужо праз тры дні напісаў верш. Увогуле, ён іх піша нават у рэанімацыі! Дзіва, алё ён вершы працягвае пісаць!.. Калі б ён перастаў хацець і магчы пісаць – ён бы ўжо загнуўся даўно…”

Валянціна і Рыгор Барадуліны разам ужо больш за паўстагоддзя. Мы спыталіся ў спадарыні Валянціны, ці было некалі такое, каб дзядзька Рыгор не пісаў пэўны час вершы.

Валянціна Барадуліна: “Мне здаецца, такіх перыядаў не было. Калі ў Рыгора была вялікая загана – ён так і казаў: “Мая галава адпачывала толькі калі я напіваўся”. Але ён з 1974 года нічога не п’е, таму галава ў яго не бывае свабоднай ад вершаў! З тае пары засталіся некаторыя вобразы – напрыклад, “шампанскае з забінтаванай галавой”…

Хуліганскія вершы народны паэт не перастае пісаць і цяпер, нягледзячы на рэанімацыю. Вось два чатырохрадкоўі, якія Рыгор Барадулін напісаў некалькі дзён таму.

Філалагічнае

Запытаў у Жучкі Рэкс:

Што гэта такое – сэкс?

Адказала Рэксу Жучка:

Тое самае, што злучка!

Рэанімацыйнае

Сябе рукамі мацаю,

І ўсё нібыта ў сне.

Хвала рэанімацыі:

Усё маё пры мне!

“Еўрарадыё”