Памерла мама Змітра Дашкевіча

Уночы на 26-га красавіка спынілася сэрца Вольгі Дашкевіч, мамы палітвязня Змітра Дашкевіча. Ёй было ўсяго 54 гады, у спадарыні Вольгі не было хранічных хваробаў, аднак апошнія месяцы яна моцна нервавалася і перажывала за лёс свайго сына Змітра.

Уночы на 26-га красавіка спынілася сэрца Вольгі Дашкевіч, мамы палітвязня Змітра Дашкевіча. Ёй было ўсяго 54 гады, у спадарыні Вольгі не было хранічных хваробаў, аднак апошнія месяцы яна моцна нервавалася і перажывала за лёс свайго сына Змітра.

Нагадаем, Змітра Дашкевіча затрымалі за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. У сакавіку суд пакараў 29-гадовага лідара “Маладога Фронту” двума гадамі калоніі быццам бы за здзяйсненне злоснага хуліганства – збіццё двух невядомых. Вольга Дашкевіч была так маральна знясіленая той сітуацыяй, што нават не змагла прысутнічаць на судзе. Пакуль што невядома, ці адпусцяць на пахаванне маці самога Змітра Дашкевіча, які дагэтуль утрымліваецца ў ізалятары на Валадарскага ў Мінску. Нагадаем, у 2006-2008 гадах Зміцер Дашкевіч ужо адбываў пакаранне ў паўтара гады турмы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Тое зняволенне сына таксама не магло не зрабіць адбітак на здароўі маці.

Адпаведныя паперы, каб Змітра Дашкевіча адпусцілі на пахаванне, ягоны бацька Вячаслаў Дашкевіч плануе падаць сёння. Спадар Вячаслаў спадзяецца на станоўчае рашэнне, бо маці паводле закону з'яўляецца блізкім сваяком – і практыка адпускання на пахаванне ёсць. Тым часам праз маладафронтаўскіх паплечнікаў сына Вячаслаў Дашкевіч перадаў просьбу да журналістаў не асвятляць пахаванне жонкі ў прэсе, каб гэта засталося сціплым сямейным рытуалам.

Вольга і Вячаслаў Дашкевіч пражылі разам 32 гады. Яны абодва працавалі журналістамі і шмат вандравалі, жылі на Далёкім Усходзе. Прыкметна, што нараджаць сына Вольга Дашкевіч прыехала ў родную Беларусь, а пасля зноўку вярнулася з мужам у Магадан. Вячаслаў Дашкевіч значна старэйшы за жонку, яму больш за 70 гадоў, ён мае кепскае здароўе. Пасля смерці жонкі і зняволення сына даглядаць яго цяпер няма каму.

Арцём Багданаў, "Польскае радыё для замежжа"