25 гадоў таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС

Першы выбух на чацвёртым энергаблоку атамнай станцыі адбыўся 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны. Затым быў другі, узнік пажар. Аварыя на ЧАЭС стала самай буйной у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофай. Нягледзячы на тое што станцыя размешчана ва Украіне, каля горада Прыпяць, больш як 70% радыенуклідаў аселі на тэрыторыі Беларусі.
Ад наступстваў аварыі пацярпелі каля 2 млн. жыхароў Беларусі, у тым ліку больш як паўмільёна дзяцей. З сельскагаспадарчага абароту выведзена 2 млн. 64 тыс. квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў. Радыеактыўнаму забруджванню падвергліся тэрыторыі, дзе зараз пражываюць больш як 1,4 млн. чалавек, знаходзіцца прыкладна чвэрць ляснога фонду краіны і 132 радовішчы мінеральна-сыравінных рэсурсаў розных відаў. Тэрыторыя Беларусі на многія стагоддзі стала зонай экалагічнага бедства. На думку экспертаў, саркафаг, які будуецца над чацвёртым блокам ЧАЭС, не вырашыць праблемы выкіду радыеактыўных рэчываў з разбуранага рэактара: у мэтах прадухілення новага выбуху яго нельга зрабіць поўнасцю герметычным. Дзяржпраграмы па ліквідацыі наступстваў катастрофы рэалізуюцца ў Беларусі з 1991 года. За гэты перыяд на ліквідацыю наступстваў аварыі з бюджэту выдзелена 19,4 млрд. долараў ЗША, паведаміў на мінулым тыдні віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Калінін. У найбліжэйшыя пяць гадоў, паводле яго слоў, на гэтыя мэты будзе выдаткавана яшчэ 6,8 трлн. рублёў. На пацярпелых тэрыторыях "будуць створаны новыя вытворчасці, мадэрнізаваныя існуючыя, укаранёныя сучасныя тэхналогіі" — усяго плануецца рэалізаваць 76 разнапланавых праектаў, паведаміў віцэ-прэм'ер. У сваю чаргу, група спецыялістаў пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Івана Нікітчанкі, які трагічна загінуў у ДТЗ у лістападзе 2010 года, распрацавала новую канцэпцыю бяспечнага пражывання людзей на постчарнобыльскіх тэрыторыях. Канцэпцыя заснавана на агульнапрызнаным міжнародным беспарогавым прынцыпе АЛЛАРА. Сутнасць яе зводзіцца да таго, што радыенукліды шкодныя для арганізма ў любой колькасці. Прафесар Нікітчанка і яго паплечнікі прапаноўвалі ўладам адмовіцца ад дапушчальных узроўняў утрымання радыенуклідаў у харчовых прадуктах, паколькі цяперашнія нарматывы гарантуюць атрыманне людзьмі доз радыяцыі. Нікітчанка нават накіраваў адпаведны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі, які, аднак, застаўся без адказу. Сёння ў Мінску прадстаўнікі апазіцыі правядуць мітынг, прымеркаваны да трагічнай гадавіны. Акцыя пачнецца ў 18.00 каля Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Варта зазначыць, што з 1988 года ў Мінску кожны год праводзіўся "Чарнобыльскі шлях" — шэсце, якое заканчвалася мітынгам прадстаўнікоў дэмсіл. Аднак сёлета сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме. Мінгарвыканкам забараніў арганізатарам "Чарнобыльскага шляху" збор каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце да Чарнобыльскай капліцы, матывуючы гэта патрабаваннямі закона аб масавых мерапрыемствах. Згодна з законам вулічныя акцыі не могуць праводзіцца бліжэй чым за 200 метраў ад уваходаў у метро і адміністрацыйных будынкаў.