Памёр яшчэ адзін пацярпелы ад тэракта ў мінскім метро

Колькасць ахвяр тэракта ў мінскім метро ўзрасла да 14 чалавек. Сёння раніцай у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі памёр Віталь Дайнэка, 1970 года нараджэння, які жыў у Мінску.

Цяпер у бальніцах на стацыянарным лячэнні знаходзяцца 92 чалавекі, з якіх дзевяць — у цяжкім стане, 19 — сярэдняй ступені цяжкасці.

Пацыенты атрымліваюць неабходную медыцынскую дапамогу ў поўным аб`ёме, адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя. У начны час для назірання за пацярпелымі ў бальніцах узмоцнены брыгады дзяжурных урачоў. Ва ўсіх лячэбных установах ёсць дастатковы запас перавязачнага матэрыялу і медыкаментаў, донарскай крыві. Арганізавана кругласутачнае дзяжурства персаналу на аптэчных складах для аператыўнага папаўнення бальніц неабходнымі лекавымі сродкамі. Забяспечваецца псіхалагічная падтрымка пацярпелых і іх блізкіх. Нагадаем, у выніку выбуху ў мінскім метро 11 красавіка пацярпела агульным лікам больш за 200 чалавек. З іх 14 загінулі, 167 былі шпіталізаваныя.

Анастасія Янушэўская, "БелаПАН"