Шэсце 26 красавіка забаранілі, мітынг дазволілі

Мінскія ўлады забаранілі шэсце "Чарнобылскі шлях" 26 красавіка, але дазволілі мітынг у парку Дружбы народаў.

Пра гэта паведаміў Радыё Свабода старшыня аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху" Юры Хадыка.Мітынг пройдзе ад 18 да 20 гадзіны. Пра сваё рашэнне прадстаўнікі ўладаў паведамілі заяўнікам акцыі на сённяшняй сустрэчы ў Мінгарвыканкаме. Заяўнікі прасілі 26 красавіка дазволіць збор удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" а 18 гадзіне на пляцоўцы ля Акадэміі навук і шэсце па вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы. Раней акцыя праходзіла менавіта па такім маршруце. Чаму цяпер гэты маршрут забаронены? "Улады не маглі даць нармальнага тлумачэння. Спасылаюцца толькі на тое, што закон забараняе праводзіць акцыі паблізу ад метро. Раней не забараняў, цяпер забараняе. Гэта ў нас заўсёды так. А спасылкі на тэрарызм таксама штучныя. Я іх спытаў, ці падазраюць яны мяне, Садоўскага, Фядыніча, якія падпісалі заяўку, у тэрарызме? Яны сказалі — не падазраюць, але, тым не менш, не дазваляюць", распавёў Юры Хадыка. Канчатковае рашэнне наконт акцыі арганізатары прымуць 20 красавіка.

"Радыё Свабода"