Памёр яшчэ адзін пацярпелы ад тэракта ў метро

Колькасць загінулых у выніку выбуху ў мінскім метро вырасла да 13 чалавек. Паводле даных прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, яшчэ адзін пацярпелы памёр мінулай ноччу ў 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

13-й ахвярай выбуху стаў Анатоль Макейчык, 1954 года нараджэння, які жыў у пасёлку Калодзішчы Мінскай вобласці.

Паводле даных на 6.00 15 красавіка, у бальніцах на стацыянарным лячэнні знаходзіцца 161 чалавек. З усіх шпіталізаваных у цяжкім стане 21 чалавек, сярэднім — 28, лёгкім — 112. Дзесяць чалавек выпісана. Ва ўсіх лячэбных установах ёсць дастатковы запас перавязачнага матэрыялу, медыкаментаў і донарскай крыві. Арганізавана кругласутачнае дзяжурства персаналу на аптэчных складах для аператыўнага папаўнення бальніц неабходнымі лекавымі сродкамі. Забяспечваецца псіхалагічная падтрымка пацярпелых і іх блізкіх ва ўсіх установах аховы здароўя, адзначаюць у ведамстве.

Нагадаем, у выніку выбуху ў мінскім метро 11 красавіка пацярпелі больш за 200 чалавек. З іх 13 загінулі, 167 былі шпіталізаваныя.

Марына Носава, "БелаПАН"