Затрыманы двое падазроных у дачыненні да тэракта ў мінскім метро

У ноч з 12 на 13 красавіка супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі затрымалі першых падазроных па справе пра тэракт у мінскім метро. Пра гэта паведаміў 13 красавіка журналістам намеснік генеральнага пракурора, кіраўнік следчай групы Андрэй Швед.

Паводле яго слоў, "у якасці падазроных аформленыя два чалавекі, праведзеныя першыя допыты, атрыманыя першапачатковыя паказанні". У адносінах да іншых асоб, якія маюць дачыненне да злачынства, праводзяцца следчыя дзеянні, паведаміў намесніка генеральнага пракурора. Паводле яго слоў, правяраецца дачыненне да затрыманых да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе і ў Мінску ў 2008. Як адзначыў Швед, адзін з затрыманых, хутчэй за ўсё, з'яўляецца выканаўцам тэракта ў метро — гэта грамадзянін Беларусі 1986 года нараджэння. Другі затрыманы таксама грамадзянін Беларусі, абодва яны — ураджэнцы аднаго з абласных цэнтраў, не судзімыя. Ці самастойна яны вырабілі выбуховую прыладу, Андрэй Швед не паведаміў. Не адказаў ён і на пытанне, дзе былі затрыманыя падазроныя, спаслаўшыся на тайну следства. Паводле слоў намесніка генеральнага пракурора, праваахоўныя органы яшчэ 12 красавіка гатовы былі апублікаваць не проста фотаробат верагоднага выканаўца, але і яго відэвыяву, атрыманую яшчэ ў першай палове дня. Аднак у інтарэсах следства гэтага не было зроблена. Андрэй Швед расказаў, што супрацоўнікамі антытэрарыстычнага цэнтра КДБ атрыманы відэаматэрыялы, на якіх відаць, як выканаўца тэракта прыязджае на станцыю метро "Купалаўская" з вялікай чорнай сумкай, спускаецца на станцыю "Кастрычніцкая". Ён некаторы час знаходзіцца на пероне, затым пакідае сумку каля лаўкі, паднімаецца па лесвіцы пераходу паміж станцыямі і назірае з лесвічнага пралёту за тым, што адбываецца на станцыі. Затым, паводле слоў Шведа, ён робіць "нейкія маніпуляцыі рукамі, ці то ў кішэні курткі, ці то штаноў", пасля чаго адбываецца выбух. Швед таксама паведаміў, што цяпер разглядаецца іншая версія, якая адрозніваецца ад трох, агучаных напярэдадні кіраўніком КДБ Вадзімам Зайцавым, але якая — расказаць адмовіўся. Нагадаем, 12 красавіка Зайцаў паведаміў, што КДБ разглядае тры версіі тэракта: дэстабілізацыя абстаноўкі, помста экстрэмісцкіх арганізацый і дзеянні нездаровага чалавека.

Вячаслаў Будкевіч, "БелаПАН"