МУС склала фотаробаты двух падазраваных

МУС склала фотаробаты двух падазраваных у дачыненні да тэракту ў менскім метро. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў.

Міністр растлумачыў, што ў дадзены момант праваахоўнікі праглядаюць ўсе відэазапісы камер назірання, якія ўсталяваныя не толькі на станцыі Кастрычніцкая, але і ў іншых месцах. Акрамя таго, міліцыя атрымала канкрэтную інфармацыю ад неабыякавых грамадзян у дачыненні да канкрэтных асобаў, перадае БелТА.

Анатоль Куляшоў удакладніў, што на станцыі спрацавала самаробная выбухная прылада, начыненая металічнымі шарыкамі, арматурай, цвікамі і іншымі металічнымі прадметамі. У бліжэйшы час беларускія праваахоўнікі сумесна са спецыялістамі ФСБ, якія прыбылі ў Менск з Расеі, ўдакладняць, які тратылавы эквівалент выбухной прылады. Ужо цяпер з вялікай доляй верагоднасці можна казаць, што прылада была радыёкіраваная.

Міністр таксама нагадаў, што міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме, гэта тычыцца не толькі аб'ектаў транспарту, але і ўсёй рэспублікі. Асабісты склад органаў унутраных спраў быў узняты 11 красавіка па камандзе "збор". У той жа дзень былі ўведзеныя планы "Сірэна" і "Тунэль". Сёння уведзены план "Арсенал", падчас якога правяраецца канкрэтная інфармацыя: аператыўная і якая паступіла ад грамадзян. Міліцыя надае ўвагу месцам масавага скаплення грамадзян.

У Менску на канцавых станцыях метро ўсталявана 15 металадэтэктараў. "Праз 2-3 гадзіны праца метро адновіцца у нармальным рэжыме", - дадаў міністр.

"Хартыя'97"