Мікіта Ліхавід прыгавораны да трох з паловай гадоў зняволення

Дваццацігадовы актывіст руху "За Свабоду" Мікіта Ліхавід прыгавораны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне абвясціла 29 сакавіка суддзя суда Партызанскага раёна Мінска Наталля Пыкіна.
Ліхавід прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса. Пракурор Антон Загароўскі прасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На думку дзяржабвінаваўцы, віна Ліхавіда ва ўчыненні злачынства даказана: часткова ён сам яе прызнаў, па астатніх пунктах — віна пацверджана відэматэрыяламі і аглядам месца здарэння. Паводле слоў Загароўскага, Ліхавід "далучыўся да натоўпу, які бясчынстваваў", і ў яго складзе ўдзельнічаў у знішчэнні дзвярэй і шыб, а таксама наносіў удары па загародах Дома ўрада. Адвакат Дар'я Ліпкіна прасіла суд апраўдаць свайго падабароннага. Яна звярнула ўвагу суддзі на тое, што практыкі прымянення артыкула 293 КК у Беларусі дагэтуль не было. Аналіз артыкула дазваляе зрабіць выснову, што масавыя беспарадкі павінны суправаджацца ўзброеным супраціўленнем, пагромамі, пажарамі, насіллем над грамадствам і знішчэннем маёмасці, прычым павінны прысутнічаць усе пяць складальнікаў. Аднак у гэтым выпадку, лічыць адвакат, не было "факта наяўнасці натоўпу з некалькіх тысяч, які бясчынстваваў, ўчыняў пагромы і прымяняў насілле". Знішчэннем маёмасці займалася невялікая група асоб прыкладна з дзесяці чалавек, а не натоўп, падкрэсліла Ліпкіна. У натоўпу людзей, якія сабраліся 19 снежня на плошчы Незалежнасці, не было намеру ўрывацца ў Дом урада — гэта, на думку Ліпкінай, пацвярджаюць паказанні пацярпелых. Акрамя таго, адзначыла адвакат, можна ўсумніцца ў тым, што ў дачыненні да 27 дапытаных у судзе байцоў спецназа, якія лічацца пацярпелымі, прымянялася насілле. Некаторыя з іх не з'яўляліся на экспертызу, даных іх медыцынскіх аглядаў недастаткова, акрамя таго, паказанні іх допытаў падчас следства і ў судзе аб фактах насілля не супадаюць. Ліпкіна прасіла суд улічыць, што падчас следства яе падабаронны падрабязна апісваў свае дзеянні, прызнаўшы, што зведаў эфект натоўпу. Дзеянні Ліхавіда былі супрацьпраўнымі, але іх нельга кваліфікаваць паводле артыкула 293, лічыць адвакат. Вартаа адзначыць: усе дапытаныя 27 байцоў спецназа, прызнаныя пацярпелымі, заявілі, што не бачылі Ліхавіда на плошчы каля Дома ўрада 19 снежня, і не выказалі прэтэнзій да абвінавачванага. Выступаючы ў судзе з апошнім словам, Мікіта Ліхавід прасіў апраўдаць яго па артыкуле 293 КК, абмежаваўшы пакаранне тэрмінам знаходжання ў следчым ізалятары. Суд над Ліхавідам стаў восьмым па ліку працэсам па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Раней за ўдзел у масавых беспарадках былі асуджаны: Васіль Парфянкоў (чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму); Аляксандр Атрошчанкаў (чатыры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму); Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў (тры з паловай і тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна); грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў (штрафы ў 300 базавых велічынь); Дзмітрый Мядзведзь (тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). За судамі над фігурантамі гэтай крымінальнай справы назіраюць прадстаўнікі АБСЕ.
Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"