Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў іск "Аўтарадыё"

Вышэйшы гаспадарчы суд на пасяджэнні 28 сакавіка не задаволіў іск ЗАТ "Аўтарадыё" да Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем адмяніць вынесенае FM-станцыі папярэджанне. Пра гэта паведаміў БелаПАН галоўны рэдактар "Аўтарадыё" Юрый Базан.
Паводле яго слоў, суддзя Дзмітрый Аляксандраў вынес рашэнне на карысць Міністэрства інфармацыі. Рашэнне па другім іску "Аўтарадыё" — да Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі — будзе вынесена раніцай 29 сакавіка. Ад гэтага рашэння залежыць, ці зможа радыёстанцыя аднавіць вяшчанне. Працэс па справе "Аўтарадыё" доўжыцца трэці месяц. Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда 17 сакавіка адмяніла рашэнне ВГС па ісках "Аўтарадыё" да Міністэрства інфармацыі і Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі і накіравала справу на паўторны разгляд. 9 сакавіка ВГС прызнаў несапраўдным папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае ЗАТ "Аўтарадыё", а таксама рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі. Папярэджанне было вынесена Мінінфармам 10 студзеня і стала адной з падстаў для спынення вяшчання радыёстанцыі 12 студзеня на падставе рашэння камісіі. Згодна з афіцыйнай фармулёўкай, прычынай папярэджання і спынення вяшчання "Аўтарадыё" стала распаўсюджванне ў эфіры радыёстанцыі інфармацыі, якая "ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці". Менавіта так чыноўнікі расцанілі фразу кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава ў рэкламным роліку аб тым, што "лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". Падчас суда прадстаўнікі "Аўтарадыё" заявілі, што інфармацыя можа быць прызнана экстрэмісцкай толькі на падставе рашэння суда паводле заявы дзяржоргана, які ажыццяўляе супрацьдзеянне экстрэмізму, — органаў дзяржбяспекі, МУС і пракуратуры. Акрамя таго, адзначалі прадстаўнікі радыёстанцыі, гэта фраза Саннікава была апублікавана ва ўсіх дзяржаўных выданнях, бо ўтрымлівалася ў перадвыбарнай праграме палітыка. У каментарыі БелаПАН міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі назваў рашэнне суддзі ВГС Валерыя Шобіка неабгрунтаваным і несправядлівым і заявіў пра намер абскардзіць вердыкт. "Я вельмі здзіўлены вынікам гэтага разбору", — сказаў тады міністр.
Таццяна Дарашчонак, "БелаПАН"