Дзмітрый Дашкевіч прыгавораны да двух гадоў зняволення, Эдуард Лобаў — да чатырох

Лідар міжнароднага грамадскага аб'яднання "Малады фронт" (Чэхія) Дзмітрый Дашкевіч прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, актывіст гэтай арганізацыі Эдуард Лобаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Такое рашэнне абвясціла 24 сакавіка суддзя Маскоўскага раёна Мінска Алена Шылько.

29-гадовы Дашкевіч і 22-гадовы Лобаў прызнаныя вінаватымі на падставе часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства).

Маладафронтаўцы былі затрыманыя ў Мінску 18 снежня 2010 года. Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта збівалі двух невядомых. Дзяржабвінаваўца Сяргей Мазоўка прасіў суд прыгаварыць Дашкевіча да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму, Лобава — да пяці гадоў строгага рэжыму. Абарона прасіла поўнасцю апраўдаць абвінавачваных за недаказанасцю віны. Суддзя Шылько адмовіла адвакатам у даванні часу для падрыхтоўкі да судовых спрэчак, а таксама адхіліла шэраг хадайніцтваў абароны аб даследаванні пацярпелых і аб правядзенні генатыпічнай экспертызы. Маладзёжныя актывісты вінаватымі сябе не прызнаюць. Выступаючы ў судзе з апошнім словам, Дашкевіч выказаў упэўненасць, што ўсе, хто лжыва сведчыў супраць яго, і тыя "нібыта пацярпелыя", якія давалі паказанні ў судзе з суседняга пакоя (паводле афіцыйнай версіі, суд змясціў іх туды з меркаванняў бяспекі. — БелаПАН.), у будучым абавязкова панясуць справядлівае пакаранне. "Усе добра разумеюць, што я і Лобаў даўно займаемся палітычнай дзейнасцю і нападаць на кагосьці за дзень да выбараў, "падпалу Рэйхстага", нам было б вельмі нявыгадна", — заявіў Дашкевіч. Лобаў падтрымаў свайго таварыша, дадаўшы, што гэта была "добра спланаваная правакацыя спецслужб".

Сяргей Пульша, "БелаПАН"