Дзень Волі забараняюць

Сёння заяўнікі традыцыйнай акцыі на 25 Сакавіка мелі сустрэчу ў гарвыканкаме. Мінскія ўлады павінны былі даць адказ адносна заяўнікі на шэсце і мітынг ад плошчы Якуба Коласа да сквера Янкі Купалы.

«У такім маршруце нам адмоўлена. Прапанавалі правесці мітынг у парку Дружбы народаў ад 18 да 20 гадзіны. Шэсце ніякае не дазволілі», — кажа намеснік старшыні АГП Леў Марголін.

Арганізатараў папярэдзілі аб магчымай адказнасці ў выпадку, калі акцыя пройдзе ў іншым месцы.

«Будзем абмяркоўваць, што рабіць далей. Але відавочна, што на Бангалор мы не згодныя. Думаю, канчатковае рашэнне мы прымем у панядзелак», — кажа Л.Марголін.

Нагадаем, што арганізатары Дня Волі заклікалі людзей прыходзіць, а 18 гадзіне на плошчу Якуба Коласа.

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"