Алесь Міхалевіч папрасіў прытулку ў Чэхіі

Аб гэтым у чацьвер заявіў міністр замежных спраў гэтай краіны Карэл Шварцэнберг.

«Спадар Міхалевіч папрасіў у нас візу і мы задаволілі гэтую просьбу. Паводле інфармацыі, атрыманай з Міністэрства, ён ужо папрасіў прытулку», — паведаміў К.Шварцэнберг. Ён лічыць, што просьба беларускага палітыка будзе задаволеная. «Я ведаю Алеся Міхалевіча асабіста і ўпэўнены, што Чэхія павінная задаволіць яго просьбу, бо тое адпавядае нашым традыцыям. Спадар Міхалевіч выступае за тыя ж каштоўнасці, што і мы і я думаю, што варта ўшанаваць яго мужнасць», — дадаў міністр.

Нагадаем, што Алесь Міхалевіч правёў у СІЗА КДБ два месяцы — з 20 снежня 2010 па 19 лютага 2011. Праз тыдзень пасля вызвалення ён выступіў з заявай, у якой расказаў аб катаваннях, што прымяняліся над ім падчас знаходжання ў СІЗА КДБ.

12 сакавіка Алесь Міхалевіч раптам знік, а ў ноч з 13 на 14 у яго блогу з’явіўся допіс, у каторым экс-кандыдат заяўляў, што «знаходзіцца па-за зонай дасягальнасці беларускага КДБ». Праз некаторы час спадар Міхалевіч выступіў з кароткім аўдыёзваротам, у якім абяцаў хутка раскрыць сваё месцазнаходжанне.

Алесь Пілецкі, "Наша Ніва"