Павел, Алесь, Кацярына, Канстанцін і Вольга

Суддзя Вольга Комар, якая вынесла жорсткі прысуд Васілю Парфянкову па справе аб «масавых беспарадках», выявілася выпускніцай Беларускага ліцэя імя Якуба Коласа. Піша яе выкладчык Анатоль Сідарэвіч.

Суддзя Вольга Комар, якая вынесла жорсткі прысуд Васілю Парфянкову па справе аб «масавых беспарадках», выявілася выпускніцай Беларускага ліцэя імя Якуба Коласа. Піша яе выкладчык Анатоль Сідарэвіч.

Яны вучыліся на адным курсе і ў адной групе і скончылі навучанне ў Ліцэі ў 1995 годзе.

Калі не памыляюся, Вольга была ў ліку тых ліцэістаў, якія адвучыліся ў Ліцэі ўсе чатыры гады.

Ліцэй пачаў працу ў 1991 годзе, у кастрычніку. Набіралі адразу на першы, другі, трэці і чацвёрты курсы.

Памятаю, на чацвёртым курсе сярод пятнаццаці дзяўчат быў адзін хлопец — Алесь Міхалевіч. Скончыўшы Ліцэй, ён пайшоў на паліталагічнае аддзяленне юрыдычнага факультэта БДУ. З ім разам вучылася Кацярына Ткачэнка.

На трэцім курсе вучыўся Максім Чарняўскі, археолаг у другім пакаленні, таксама, як і бацька, ужо кандыдат гістарычных навук. Убачыўшы ў «Акадэмкнізе» Максімаву манаграфію, я са смуткам зразумеў, што амаль нічога ў археалогіі не разумею. Разам з Максімам вучыўся Косця Хадыка, сын «таго самага» прафесара Хадыкі.

Не магу згадаць, хто вучыўся ў 1991—1992 гг. на другім курсе. Затое някепска памятаю самых малодшых — першы курс. Вольга была залічаная ў 11-ю групу (гэта значыць, у першую групу першага курса), потым яна будзе вучыцца ў 21-й, 31-й і 41-й групах.

Тая група ўрэзалася мне ў памяць дзявочым лідарствам. З хлопцаў да ІІІ курса дайшоў толькі Зміцер Шараў — астатнія «адсеяліся». Затое на вакантныя месцы на ІІІ курс (адапаведнік Х класа) прыйшлі моцныя хлопцы.

Паколькі я амаль усе гады працы ў ліцэі быў сакратаром прыёмнай камісіі, дык адразу прадказваў педагогам, якіх поспехаў можна чакаць ад таго ці іншага абітурыента, які паступаў у Ліцэй пасля 9-га класа школы. І ніколі не памыляўся.

Раскрыю маленькі сакрэт. У 1970-х я натрапіў на манаграфію амерыканскіх ці то брытанскіх аўтараў, прысвечаную псіхафізіялагічным праблемам пераходнага ўзросту. Гэта было даследаванне сувязі паміж полавым выспяваннем і псіхічнымі працэсамі, у тым ліку паміж полавым выспяваннем і поспехамі ў вучобе. Там я вычытаў, што хлопчыкі — з тае прычыны, што яны адстаюць у фізічным росце і выспяванні ад дзяўчат — у пераходным узросце пачынаюць у прысутнасці сваіх каляжанак камплексаваць і здаюць пазіцыі ў вучобе (некаторыя, на жаль, назаўсёды). Вось чаму сярод выпускнікоў базавай школы выдатніц у разы больш, чым выдатнікаў. І калі да нас у Ліцэй прыходзіў хлопец пасля ІХ класа, я адразу ж глядзеў у ягонае пасведчанне аб базавай адукацыі. Сярэдні бал «4,5», нават «4,3» даваў мне ўпэўненасць, што ў гэтага хлопца ўсё будзе о’кей. І пра гэта я казаў прадметнікам, якія прымалі ўступныя іспыты.

Дык вось, у 1993 годзе ў 31-ю групу, у якой вучылася Вольга, прыйшлі чатыры моцныя хлопцы: Павел Баркоўскі, Міхась Баярын, Антось Шахбазаў і Вадзім Шосцік. Разам з Міцем Шаравым іх было пяць на дзевятнаццаць дзяўчат. Працаваць з гэтымі хлопцамі было радасна. І яшчэ адзначу, што з трэцяга курса ў групе, у якой вучылася Вольга, лідарства перайшло да хлопцаў. Дзяўчаты — і Вольга, і Ірына Кашталян, і Кацярына Мохань, і Настасся Падаляка (сястра актора Рамана Падалякі, таксама нашага ліцэіста), і Вольга Русакова, і Ганна Цюцюнджан, і іншыя — стараліся ад іх не адставаць. Гэта была моцная група.

У 1995 годзе яны скончылі Ліцэй. Я ведаў, хто куды паступіў, але з дзяўчатамі, апроч «гістарычкі» Ірыны Кашталян, сустракацца не даводзілася. Пра Міцю Шарава ведаю, што ён скончыў гістфак БДУ і што яго сваталі на кадравую службу ў войска. Вадзім Шосцік скончыў міжнародны каледж у Трыесце, а потым Венскі эканамічны ўніверсітэт; атрымаўшы магістарскі дыплом, працуе дырэктарам ці то менеджарам на адным з фіятаўскіх заводаў. Антося Шахбазава апошні раз бачыў у 2001 м ці то ў 2002-м годзе ў экалагічным універсітэце імя Андрэя Сахарава. Я там выкладаў, а Антось, выпускнік універсітэта, прыходзіў у alma mater па аспіранцкіх справах. Цяпер кандыдат біялагічных навук Антон Шахбазаў жыве і працуе ў Канадзе. Паэт Міхась Баярын пайшоў у БДУ на аддзяленне класічнай філалогіі. На гэтае аддзяленне прыходзіў вывучаць¬ старажытнагрэчаскую і студэнт філасофска-эканамічнага факультэта Павел Баркоўскі.

Міхась Баярын, як і Міця Шараў, знікне з відавоку. І толькі 19 снежня мінулага года я ўбачыў яго зноў. З Антосем і Вадзімам я магу абмяняцца весткамі па электроннай пошце. Сталы асабісты кантакт застаўся ў мяне толькі з Паўлам Баркоўскім. Ведаючы, што Павел вырашыў спецыялізавацца на герменэўтыцы, я падбіваў яго заняцца герменэўтыкаю Айцоў Царквы. Аднак Паўла, скептыка па натуры і безрэлігійнага чалавека, больш вабілі фігуры двух Фрыдрыхаў — Шлеермахера і Шлегеля. Стажыроўка ў цытадэлі неакантыянцаў, Марбургскім універсітэце, умацавала яго ў гэтым выбары.

…20 снежня мінулага года позна ўвечары я сядзеў на кухні ў кандыдаткі філасофскіх навук, дацэнткі БДУ Алы Віктараўны Баркоўскай. У той час у яе быў падвойны клопат: дапамагчы зрабіць хатняе заданне ўнуку і даведацца, дзе знаходзіцца сын. Потым трэба было пабыць з Цімафеем, пакуль ён не засне. Унук з твару больш падобны на бабулю, але постаць у яго бацькава. І ростам ён будзе не меншы за свайго татулю. Засынаючы, малы Цімафей, мабыць, думаў пра бацьку, які ўзяў ды перад самым Новым годам паехаў у нейкую камандзіроўку. Калі ўнук заснуў, бабуля тэлефанавала то ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна, то ў такую ж установу ў Жодзіне і нідзе не магла дабіцца ўцямнага, канкрэтнага адказу на пытанне: дзе мой сын? І толькі ў дваццаць тры гадзіны без пяці хвілін мабіла дала сігнал, што прыйшло паведамленне. Ала Віктараўна цяпер ведала, што Павел знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна, што яго арыштавалі на 15 сутак. Значыць, Павел выйдзе 3 студзеня, прыкідвала Ала Віктараўна, а якраз на 3-га ў яго прызначаны іспыт. Што будзе? І новая трывога з’явілася ў маці: ці пакінуць Паўла на працы? «З яго кваліфікацыяй без працы не застанецца», — сказаў я перад адыходам. І Ала Віктараўна пад сакрэтам сказала, што ўжо была прапанова…

Здымак Алы Баркоўскай і Вольгі Шпарагі (Паўлава жонка) ужо ўвайшоў у фотакласіку і гісторыю Беларусі. На гэтым здымку паказана, як дзве кандыдаткі філасофскіх навук, дзве дацэнткі ля сцяны ізалятара пакуюць перадачу свайму сыну і мужу, таксама кандыдату філасофскіх навук і дацэнту.

Кандыдаты філасофскіх навук Вольга Шпарага і Ала Баркоўская ля Акрэсціна з перадачай мужу і сыну - таксама кандыдату філасофскіх навук Паўлу Баркоўскаму.

Вестку пра арышт Паўла Баркоўскага і здымак я даслаў па электроннай пошце пятнаццаці былым ліцэістам і іх настаўніку Лявону Баршчэўскаму, які пад той час разам з падпольным Ліцэем знаходзіўся ў Польшчы. (Пра тое, што арыштаваны выпускнік Ліцэя Алесь Міхалевіч, паведамілі, бадай, усе польскія СМІ.)

Потым мне давялося паведаміць былым ліцэістам і Лявону пра ператрус у Міхалевічавай аднакурсніцы, журналісткі Кацярыны Ткачэнка, пра тое, што жорстка быў збіты наш выпускнік Канстанцін Хадыка…

Учора ж увечары я патэлефанаваў Паўлу Баркоўскаму, каб удакладніць:

— Вольга Канойка з табою разам вучылася? Ты ведаеш, што яна засудзіла Васіля Парфянкова на чатыры гады?

Вольга вучылася ў адной групе з Паўлам. Праўда, яна цяпер не Канойка, а Вольга Комар, суддзя. Цікава, які прысуд яна вынесла б Паўлу, калі б ён трапіў на лаву падсудных да яе? Або Кацярыне Ткачэнка ці Канстанціну Хадыку? Былы ліцэіст, багеміст і блогер Сяргей Сматрычэнка нават прапануе, каб суд над Алесем Міхалевічам адбыўся ў доме № 21 па вуліцы Кірава, дзе вучыліся Вольга і Павел і дзе цяпер месціцца суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Анатоль Сідарэвіч, "Наша Ніва"