Вынесены прыгаворы яшчэ тром фігурантам справы аб масавых беспарадках

Вынесены прыгаворы суда яшчэ тром фігурантам справы аб масавых беспарадках — расіянам Арцёму Брэусу і Івану Гапонаву, а таксама грамадзяніну Беларусі Дзмітрыю Мядзведзю.
Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Любоў Сімахіна прыгаварыла Арцёма Брэуса і Івана Гапонава да штрафу ў памеры 300 базавых велічынь (10,5 млн. рублёў) кожнага. Яны вызвалены ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе. Расіяне прызнаны вінаватымі ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, якія суправаджаліся пагромамі, узброеным супраціўленні прадстаўнікам улады і нанясенні пашкоджанняў супрацоўнікам міліцыі (частка 2 артыкула 293 КК). Працэс над імі пачаўся 22 лютага. Расійскае пасольства "ў цэлым станоўча ўспрыняла вердыкт беларускага суда аб вызваленні з-пад арышту" Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Аб гэтым заявіў журналістам саветнік пасольства Вадзім Гусеў. "У той жа час, хачу падкрэсліць, што Брэус і Гапонаў вінаватымі сябе не прызналі, а расійскае пасольства з самага пачатку настойвала на іх вызваленні", — сказаў Гусеў. Ніводзін з пятнаццаці дапытаных у судзе спецназаўцаў не бачыў Брэуса і Гапонава 19 снежня на плошчы Незалежнасці. Тым не менш дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Кунаш прасіў суд пакараць Арцёма Брэуса і Івана Гапонава штрафамі ў памеры 500 базавых велічынь (па 17,5 млн. рублёў). Пасля вердыкту суда Арцём Брэус у гутарцы з журналістамі не выключыў магчымасці таго, што яны з Іванам Гапонавым будуць абскарджваць вынесены прыгавор. Яшчэ адзін удзельнік акцыі пратэсту 19 снежня грамадзянін Беларусі Дзмітрый Мядзведзь быў прызнаны судом вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках (артыкул 293 КК РБ) і прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Такое рашэнне прыняла суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Алена Рудніцкая. Мядзведзь быў вызвалены ў зале суда. Сваю віну ён таксама не прызнаў. Дзмітрыю Мядзведзю 51 год. Ён не належыць да якіх-небудзь партый і рухаў. На сённяшніх працэсах прысутнічалі назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, запрошаныя беларускім бокам. Абвінавачванымі па справе аб масавых беспарадках з'яўляюцца 42 чалавекі. Раней былі асуджаны чацвёра з іх. За ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў 17 лютага быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава, — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.
"БелаПАН"