Сёння атрымаюць працяг суды над трыма фігурантамі справы аб масавых беспарадках

Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адновяцца працэсы над трыма фігурантамі справы аб масавых беспарадках 19 снежня — Дзмітрыем Мядзведзем, расіянамі Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым.
Суд над Мядзведзем, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 КК), пачаўся 1 сакавіка, але быў перанесены паводле просьбы адваката ў сувязі з перавыстаўленнем абвінавачання. Паводле ўдакладненай версіі абвінавачання, Мядзведзь нібыта аказваў узброенае супраціўленне супрацоўнікам міліцыі. З-за аналагічнай прычыны быў зроблены перапынак у судзе над Брэусам і Гапонавым. Расіяне абвінавачваюцца ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, што суправаджаліся пагромамі, ва ўзброеным супраціўленні прадстаўнікам улады і у нанясенні пашкоджанняў супрацоўнікам міліцыі (частка 2 артыкула 293 КК). Працэс над імі пачаўся 22 лютага. 1 сакавіка дзяржабвінавачанне падало спіс з 15 пацярпелых міліцыянераў, якія нібыта былі збіты дэманстрантамі, у тым ліку Брэусам і Гапонавым. У сувязі са з'яўленнем новых матэрыялаў адвакаты абвінавачаных папрасілі зрабіць у працэсе перапынак. Вечарам 1 сакавіка МЗС Расіі заявіла, што яго насцярожвае развіццё падзей вакол Брэуса і Гапонава. "Пасля таго як на папярэднім пасяджэнні абвінавачанне на адрас А.Брэуса і І.Гапонава рассыпалася літаральна на вачах, усе разлічвалі, што будзе прынята рашэнне аб спыненні іх судовага пераследу. Аднак атрымалася інакш, бо само абвінавачанне засталося ранейшым, але да справы была прыцягнута вялікая група новых сведак з ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Такі разварот падзей не можа не насцярожваць", — зазначалася ў заяве МЗС. Варта дадаць, што адразу пасля затрымання 19 снежня і Мядзведзь, і Брэус з Гапонавым былі асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля адбывання арышту іх зноў затрымалі, ужо ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. На сённяшніх працэсах будуць прысутнічаць назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, запрошаныя беларускім бокам. Абвінавачанымі па справе з'яўляюцца 42 чалавекі. Чатыры з іх ужо асуджаны. За ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў 17 лютага быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава, — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.