На музей Быкава грошай няма, але ёсць на спартоўцаў

На падрыхтоўку гродзенскіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у Лондане ў 2012 годзе з дзяржбюджэту выдзелена каля мільёна даляраў, — піша «Гродзенская праўда». Тым часам, музей Васіля Быкава апынуўся перад пагрозай закрыцця.
Музей В.Быкава ў Гродне. Фота Віктар Парфёненка, «Радыё Рацыя»

На падрыхтоўку гродзенскіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у Лондане ў 2012 годзе з дзяржбюджэту выдзелена каля мільёна даляраў, — піша «Гродзенская праўда».

Тым часам, музей Васіля Быкава апынуўся перад пагрозай закрыцця. Прычына — не стае грошай, каб аплаціць камунальныя паслугі, паведамляе «Радыё Рацыя». Гарадскія ўлады бяруць з музея арэндную плату па паніжаным каэфіцыенце і абяцаюць знізіць яго яшчэ. Але выдаткі на камунальныя паслугі музею даводзіцца аплачваць самастойна, што ён, як выявілася, зрабіць самастойна не ў стане.

Атрымліваецца, што на падтрымку спорту ў бюджэце грошы ёсць, а на культуру няма? Ды не. У тым жа будынку, дзе пакуль яшчэ арандуе памяшканне музей Васіля Быкава, месціцца офіс абласной філіі праўладнага Саюза пісьменнікаў. Як паведамляе «Радыё Свабода», у абласным бюджэце на 2011 год на ўтрыманне філіі закладзена 70 мільёнаў рублёў (для параўнання — музею Быкава ў год на аплату арэнды і камунальных паслуг трэба каля 4 мільёнаў). У чым жа тады справа? А можа ў тым, што перад гродзенскімі спартоўцамі, як піша «Гродзенская праўда», «стаіць задача заваяваць на гульнях у Лондане ў 2012 годзе чатыры медалі»? Вось упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама і выконвае пастаўленую задачу. А музей Быкава — недзяржаўны, ён існуе дзякуючы прыватнай ініцыятыве. То бок, ніхто з цэнтру не даводзіў адпаведных задачаў. І, верагодна, справа не зварухнецца да лепшага, пакуль яго не залічаць у «алімпійскую» праграму. Адна надзея на незалежнае грамадства, дзякуючы якому музей і паўстаў.

"Наша Ніва"