У Беларусь прыбываюць першыя назіральнікі АБСЕ за ходам судоў па справе аб масавых беспарадках

Першыя чатыры назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ павінны прыбыць у Беларусь 9 сакавіка, каб назіраць за ходам судовых пасяджэнняў па справе аб масавых беспарадках. Пра гэта паведаміў кіраўнік БДІПЧ АБСЕ Янез Лянарчыч.

Назіральнікі змогуць прысутнічаць на працэсах Дзмітрыя Мядзведзя, а таксама расійскіх грамадзян Івана Гапонава і Арцёма Брэуса. Судовы разбор у дачыненні да іх будзе адноўлены 10 сакавіка. "У якасці дзяржавы — удзельніцы АБСЕ Беларусь узяла на сябе абавязацельства дапускаць міжнародных назіральнікаў на пасяджэнні суда. Назіральнікі ацэняць, наколькі судовыя працэсы адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству і нормам справядлівага судовага разбору, што ўтрымліваюцца ў дакументах АБСЕ і юрыдычна абавязковых міжнародных пагадненнях", — цытуе Янеза Лянарчыча прэс-служба АБСЕ. Эксперты БДІПЧ будуць назіраць за асноўнымі судовымі разборамі па справе аб масавых беспарадках, па выніках маніторынгу бюро апублікуе справаздачу. 6 сакавіка начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных паведаміў БелаПАН, што краіна запрасіла назіральнікаў АБСЕ для ўдзелу ў судовых працэсах па справе аб падзеях 19 снежня. "Беларусь дэманструе сваю адкрытасць партнёрам па АБСЕ. Мы хочам, каб удзел знешніх экспертаў пацвердзіў, што ўсе судовыя працэсы праходзяць у поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам", — сказаў Савіных. Нагадаем, абвінавачанымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках з'яўляюцца 42 чалавекі. Чацвёра ўжо асуджаны. 17 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў Васіля Парфянкова да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 2 сакавіка ў тым жа судзе былі вынесены прыгаворы яшчэ тром абвінавачаным: Аляксандр Малчанаў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік — на тры з паловай, Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава, — да чатырох гадоў. Яны будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 31 снежня 2010 года Беларусь праінфармавала членаў Пастаяннага савета АБСЕ аб рашэнні не прадаўжаць мандат мінскага офіса арганізацыі ў сувязі з "адсутнасцю аб'ектыўных падстаў для захавання місіі". На думку палітолагаў, прычынай закрыцця офіса стала негатыўная ацэнка прадстаўнікамі АБСЕ вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Аляксей Арэшка, "БелаПАН"