Найлепшым альбомам 2010-га прызналі «Рух» гурту «Дзецідзяцей»

Бадай што самым нечаканым мінулагоднім вынікам стала тое, што альбомаў на беларускай мове выйшла ў 2010 годзе на адзін больш, чым расейскамоўных. Упершыню за ўсю гісторыю праекту. Дый атрымалася так, што ва ўсіх намінацыях перамаглі менавіта беларускамоўныя альбомы.

Хочаш не хочаш, але музычныя вынікі 2010 года усё ж такі давядзецца падвесці, хоць адзін раз.

Ганна Хітрык. Фота Сяргея Гудзіліна.

Паколькі Рок-каранацыя ў гэтым годзе пераўтварылася ў гала-канцэрт, самымі галоўнымі спецыялістамі ў музыцы сталі супрацоўнікі сайта Experty.by. Інтэрнэт-праект «Эксперты» заснавалі ў 2008 годзе Сяргей Будкін, Алег Клімаў, Зміцер Бескаравайны і Зміцер Падбярэзскі. Людзі ў музыцы дасведчаныя і аўтарытэтныя. Такім чынам 1 сакавіка сталі вядомыя найлепшыя альбомы за мінулы год. Іх выявілася роўна тры.

Беларускай мовы стала больш

Бадай што самым нечаканым мінулагоднім вынікам стала тое, што альбомаў на беларускай мове выйшла ў 2010 годзе на адзін больш, чым расейскамоўных. Упершыню за ўсю гісторыю праекту. Дый атрымалася так, што ва ўсіх намінацыях перамаглі менавіта беларускамоўныя альбомы. Тройчы адзначаны прызамі альбом «Кола вяртанняў» (гурт Hvara), які, дарэчы, хоць і спецыялізуецца на беларускай фольк-музыцы, па складзе з’яўляецца інтэрнацыянальным. Чатыры намінацыі ўзяў альбом гурту «Дзецідзяцей» «Рух».

Усяго ж праслухана экспертамі 44 альбомы, што выйшлі ў 2010 годзе. Гэта на 17 кружэлак менш, чым у мінулым: год атрымаўся не самым удалым на музыку, пра што сведчыць хаця б тое, што намінацыі «поп-альбом» не было ўвогуле. Поп-альбомы такі ў 2010-м былі, але выявіліся такімі, што намінацыю прыйшлося прыбраць — па 10-бальнай шкале самы лепшы з іх не набраў і 6 балаў.

«Нейра Дзюбель» супраць няісных «Дзецідзяцей»

Спаборніцтва паміж гуртамі «Дзецідзяцей» і «Нейра Дзюбель» за найлепшы альбом, ці хаця б за найлепшы рок-альбом было галоўнай інтрыгай вечара. Як выявілася, у абедзвюх намінацыях перамог гурт Ганны Хітрык, які, дарэчы, паспеў рухнуць. У выніку Кулінковічу (якога большасць лічыла бясспрэчным лідэрам) быў уручаны музычны інструмент «дрэва дажджу», а «Дзецідзяцей» на развітанне атрымалі ажно чатыры дыпломы.

Як бачым, вынікі году зусім не радасныя: разглядаліся аж 44 альбомы, але ўсе прызы размеркаваліся між трыма гуртамі -- "Дзецідзяцей", Hvarna і рэп-гурт Pananieba, што атрымалі ўзнагароду за найлепшы дэбютны альбом. Хоць, калі паглядзець ТОП-10 па тых жа намінацыях, высвятляецца, што не тры гурты маглі перамагчы, а аж сямнаццаць. Няўжо беларускі рок-н-рол перажывае такі крызіс?

Такім чынам беларуская музыка (акрамя дэбютантаў) прадстаўлена гуртам «Дзецідзяцей» (які больш не існуе) і гуртам Hvarna, арыентаваным хутчэй на замежнага, а не беларускага слухача.

Спіс фіналістаў

Лепшы дэбютны альбом — Pananieba «На балоце»

Лепшы фолк-альбом альбом — Hvarna «Кола вяртанняў»

Лепшы рок-альбом — «Дзецідзяцей» «Рух»

Лепшы беларускамоўны альбом «Дзецідзяцей» «Рух»

Лепшы рэкард-лэйбл — West Records

Прыз народных экспертаў — Hvarna «Кола вяртанняў»

Прыз замежных экспертаў — Hvarna «Кола вяртанняў»

Прыз вялікага журы — «Дзецідзяцей» «Рух»

Лепшы альбом — «Дзецідзяцей» «Рух»

Юрась Ускоў, "Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение