З 1 ліпеня Беларусь падтрымае расійскі аўтапрам

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк. Ён зрабіў гэтую заяву на пасяджэнні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД палаты прадстаўнікоў.

Адпаведнае пагадненне было падпісана ў 2010 годзе ў Астане. Тады ж быў падпісаны пратакол аб часовым падаўжэнні нацыянальных рэжымаў ўвозу да ліпеня 2011 года.

Лукашэнку ўдалося выпрасіць такую палёгку перад выбарамі. Пераход на расійскія стаўкі пры ўвозе аўтамабіляў — крайне непапулярны ў Беларусі.

Беларусь не мае сваіх вытворцаў легкавых аўтамабіляў, тады як Расія абараняе ўласныя «Лады», а таксама зборачныя вытворчасці замежных марак, што выраслі ў розных рэгіёнах Расіі як грыбы пасля дажджу. У Расіі збіраюцца «Шэўрале», «Кіа», іншыя легкавікі.

Новыя стаўкі будуць амаль у пяць разоў большыя за дзейныя беларускія.

Гэта перакрые доступ да патрыманых еўрапейскіх аўтамабіляў для шараговага спажыўца. Людзі будуць змушаныя перасядаць на расійскія машыны горшай якасці.

Дзякуючы нізкім мытам на ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі, за апошнія 10 гадоў Беларусь абагнала іншыя краіны былога СССР, акрамя Балтыі, па колькасці аўтамабіляў на душу насельніцтва. Доля «Жыгулёў» у аўтапарку ўвесь час зніжалася. Паявілася нават спецыфічная прафесія: аўтаперагоншчык.

Можна чакаць ажыятажу на аўтарынках Беларусі і суседніх краін у наступныя чатыры месяцы.

Не выключана, што тэма мытаў на легкавыя аўтамабілі стане ў цэнтры палітычных дыскусій.

Глядзі яшчэ: Палітыкі пра мыты на аўто: Інфармаванне і пратэст

"Наша Ніва"