Рок-каранацыя: з ШОСам, але без Вольскага

Сёлета каранацыя прайшла без узнагароджаванняў: арганізатары вырашылі зладзіць гала-канцэрт, і сімвалічна лепшы альбом і лепшы гурт за апошнія 15 гадоў. Пасля праблем з пажарнай сігналізацыяй мерапрыемства перанеслася з канцэртнай залы «Мінск» у клуб «Рэактар». Тут, дарэчы, карані яшчэ адной спрэчкі – ці клубнае гэта мерапрыемства.

Рок-каранацыя ўжо некалькі гадоў, як перастала быць галоўнай рок-падзеяй краіны: недзе на пачатку нулявых яна з разраду «рок-фэст» паволі перайшла ў наступны, і стала традыцыяй. Прынамсі, спрэчкі на тэму рок-каранацыя «ўжо не тая», ці проста абноўленая – лепшы таму доказ. Гэта такі беларускі мініяцюрны Вудсток – толькі доўжыцца ён не тры дні, а чатыры гадзіны.

Песню «Аўтарадыё» разам з NRM выканала Ірына Львова – праграмны дырэктар радыёстанцыі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Сёлета каранацыя прайшла без узнагароджаванняў: арганізатары вырашылі зладзіць гала-канцэрт, і сімвалічна выбраць лепшы альбом і лепшы гурт за апошнія 15 гадоў. Пасля праблем з пажарнай сігналізацыяй мерапрыемства перанеслася з канцэртнай залы «Мінск» у клуб «Рэактар». Тут, дарэчы, карані яшчэ адной спрэчкі – ці клубнае гэта мерапрыемства.

Здаецца, «Рэактар» для каранацыі ідэальны: усё ж такі слухаць рок-музыку ў крэслах, у абсалютнай цвярозасці і без магчымасці танчыць могуць, бадай што толькі ў нас.

А клуб стварае сваеасаблівую рок-н-рольную атмасферу. З іншага боку, на каранацыю прыйшло чалавек 500. Хутчэй за ўсё праз тое, што не ва ўсіх знайшлася магчымасць змяніць планы, ды і абмен квіткоў заўжды адсейвае пэўную колькасць народу.

Ад блюзу да ШОСу

Вялі мерапрыемства Аляксандр Памідораў і Іна Кашырына. Калі Памідораў ужо заслужаны вядоўца, які, калі што, зможа выцягнуць усё мерапрыемства «на сабе», то спадарыня Кашырына, відаць, трошкі з іншай оперы – такую манеру весці канцэрт звыкла было б бачыць у філармоніі, але ніяк не на рок-канцэрце. Распачалося ўсё з выступу Drum Ecstasy – тры бубначы і гітарыст. Відаць менавіта так, з гучнай і адначасова цяжкай ноты і павінен пачынацца рок-фэст.

«Крама» (дарэчы, самыя першыя рок-каралі) выдала класічную порцыю хард-блюзу, з традыцыйна моцнымі сола на губным гармоніку (дарэчы, у Беларусі вельмі рэдка сустракаецца). Публіка паспела расслабіцца пасля працоўнага дня і з задавальненнем падпявала Варашкевічу. Але тут і з’явілася тое адчуванне, якое трымалася першую гадзіну: як быццам бы прысутнічаеш не на рок-каранацыі, а на вечары памяці ў рокерскім разуменні такога панятку. Пасля «Крамы» на сцэну выйшлі Kriwi – чарговы склад гурта адначасова змешвае фолк-матывы, фанк, кабарэ, рок-н-рол, этніку ды і астатнія жанры. Вераніка Круглова цягам адной песні пераўтвараецца з Лайзы Мінэлі ў Бобі Макфэрына і наадварот.

Зміцер Вайцюшкевіч, адразу ж пасля вітання, тройчы прамовіў: «ШОС!» І адбылася досыць нечаканая рэч – аўдыторыя адразу ж перамянілася: як быццам трапіўшы ў іншую энэргетычную плынь.

Вайцюшкевіч з акустычнай гітарай у момант пераплюнуў усіх папярэдніх выступоўцаў. Сольная акустыка – рэч увогуле спецыфічная для любога музыканта, але ўжо пасля першай песні (на словы Караткевіча), людзі адчулі каларыт менавіта той напаўпадпольнай рок-каранацыі, якую так хацелася б аднавіць. «Я нарадзіўся тут» (з ужо звыклымі словамі пра пецярбуржца Скарыну) спявалі хорам, а Вайцюшкевіч «узмацняў» рытм ШОСам.

Стары новы NRM

Піт Паўлаў адразу заявіў, што сёння прагучаць песні з новага альбому, які зараз пішацца. Асноўнае пытанне – хто будзе на альбоме адказным за вакал – такім чынам закрылася.

Выступ NRM быў галоўнай інтрыгай мерапрыемства: як будзе гучаць гурт без Вольскага і ці варта лічыць такі гурт NRM. Некаторыя прынцыпова не пайшлі на каранацыю праз адсутнасць Вольскага.

Новыя песні – меладычна гэта той жа NRM, а вось тэксты, якія Вольскі піша, скажам шчыра, лепей, у новай інкарнацыі гурта выглядаюць другаснымі. Песню «Аўтарадыё» разам з энэрэмаўцамі выканала Ірына Львова – праграмны дырэктар радыёстанцыі. Неўзабаве песня з’явіцца ў інтэрнэце. А вось «Тры чарапахі» прагучалі не так як раней, хаця ў музычным плане там нічога не змянілася. Толькі кожны радок цяпер спяваюць папалам Паўлаў і Дземідовіч. Але, што не дзіўна, публіка рэагавала станоўча – старыя песні самі па сабе горш не сталі, і хай спявае лепш Паўлаў, чым ніхто. Тым больш Лявон Вольскі зараз працуе з зусім іншай музыкай. Але вось пусты вакальны мікрафон, які стаяў пасярэдзіне сцэны ўвесь час нагадваў, што калісьці гэта быў іншы гурт. Хаця мелодыка і хітовасць класічнага NRMу засталася і ў новых песнях.

NRM былі прызнаныя лепшым гуртом 15-годдзя, з лепшым альбомам за той жа перыяд. Але той гурт, які запісваў «Тры чарапахі» і той, які іх сёння выконваў – усё ж такі розныя.

«Нейра Дзюбель» як эмацыйны цэнтр

А народнымі героямі, як і ў мінулым годзе, сталі «Нейра Дзюбель». Яны ўжо даўно даказалі, што могуць дазволіць сабе ўсё: хоць запісваць і спяваць кавер-версіі Давіда Тіухманава. Усе гэтыя «Дзеці галактыкі» ўсё адно прагучаць так, як быццам іх напісаў Кулінковіч. Такое адчуванне, што ўсё шоў ладзілася выключна, каб сыграў гэты гурт: можна доўга апісваць, як літаральна за тры хвіліны «на вушы» падняўся ўвесь зал, як шаманіў са сцэны сагнуўшыся «пытальнікам» Кулінковіч, але

калі на самым ускрайку танцпола мы заўважылі мужчыну ў афіцыйным касцюме, з залачонай асадкай у кішэні і агромністым чырвона-зялёным значакам на лацкане, які, ускідваючы ўверх рукі, спяваў «І так можна жыць» – стала зразумела, хто тут сапраўдныя рок-каралі.

Асабліва пасля досыць спрэчнага выступу класічнага беларускага рок-гурта «Сузор’е», якія хоць людзі вельмі заслужаныя, але трошкі заблукаўшыя ў часе. Адразу ж пасля выступлення «Нейра Дзюбель» на сцэну выйшла Кася Камоцкая і пад гітарны акампанемент Памідорава, праспявала песню «Мая краіна», у памяць Таццяны Сапач. У канцы песні ў рэшце рэшта зал пракрычаў «Жыве Беларусь», можна сказаць, на гэтым эмацыйная частка рок-каранацыі скончылася. Таму што нават «Палац» з лепшымі сваімі хітамі выглядаў пасля гэтага эмацыйнага ўсплёску трошкі блёкла. А «Без Білета», якія маюць вельмі мала дачынення да рок-музыкі, у асноўным толькі нагадалі, што цяперашняя рок-каранацыя – абсалютна іншая, як бы мы да гэтага не ставіліся.

Вядучыя «Рок-каранацыі» Іна Кашырына і Аляксандр Памідораў.

Адкрылі канцэрт «Драм-Экстазі».

Варашкевіч як пераможца першай рок-каранацыі граў старыя песні.

Паэт Дранько-Майсюк падарыў Вераніцы Кругловай зборнік вершаў.

Зміцер Вайцюшкевіч перад выступам прывітаў усіх воклічам «ШОС».

N.R.M. без Лявона Вольскага.

Юрась Ускоў, фота Сяргея Гудзіліна


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение