У судзе над Брэусам і Гапонавым аб'яўлены перапынак да 1 сакавіка

У судзе над расіянамі Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым паводле просьбы дзяржабвінаваўцы аб'яўлены перапынак да 1 сакавіка. Як заявіў прадстаўнік дзяржабвінавачання Сяргей Кунаш, пасля допыту сведак і прагляду відэаматэрыялаў 22 лютага ўзнікла неабходнасць у выстаўленні новага абвінавачання.
Суддзя Любоў Сімахіна гэтае хадайніцтва не задаволіла. Сведкі абвінавачання, супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама Юрый Дударчык і Аляксандр Якаўлеў, дапытаныя ўчора ў судзе, блыталіся ў паказаннях. У прыватнасці, некаторыя іх паказанні на працэсе не адпавядалі таму, што яны паведамлялі следству раней. Якаўлеў заблытаўся настолькі, што суддзя нагадала яму пра адказнасць за даванне несапраўдных паказанняў. Пасля перапынку суд азнаёміўся з аператыўнымі відэаматэрыяламі падзей 19 снежня. Большасць прысутных у зале нічога не бачылі, бо дзяржабвінаваўца стаяў перад экранам, закрываючы яго спіной. Пасля прагляду паводле просьбы абароны быў зноў выкліканы сведка абвінавачання Дударчык. Яму задалі пытанне: ці адпавядае ўказаны ім у пратаколе час затрымання абвінавачаных фактычнаму. Дударчык адказаць не змог. Між тым, Брэус і Гапонаў настойваюць на сваёй невінаватасці. Яны сцвярджаюць, што прыйшлі на мітынг апазіцыі з цікавасці, дзверы ў Доме ўрада не білі і на супрацоўнікаў міліцыі не нападалі. Маладыя людзі таксама заявілі, што раней не былі знаёмыя адзін з адным. Арцём Брэус паведаміў суду аб націску, які на яго рабіўся падчас следства. У прыватнасці, паводле слоў Брэуса, ад яго неаднаразова патрабавалі, каб ён прызнаўся ў змове з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і атрыманні ад апазіцыянераў грошай. А ў адказ на адмовы пагражалі сілавымі метадамі ўздзеяння, як у ходзе следства, так і ў месцах пазбаўлення волі. Начальнік юрыдычнага аддзела галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Лепеш падчас суда адмовіўся ад грамадзянскага іску (кампенсаванне матэрыяльнага ўрону, нанесенага Дому ўрада), заявіўшы, што ўрон аплачаны. Як паведамлялася раней, 21 лютага, напярэдадні суда над расіянамі, суму ўрону (14 млн. 48 тыс. рублёў) выплацілі беларускія праваабаронцы. 27-гадовы Брэус і 22-гадовы Гапонаў абвінавачваюцца на падставе ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Іх затрымалі вечарам 19 снежня пры разгоне несанкцыянаванай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці і першапачаткова асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 29 снежня, пасля адбыцця арышту, іх зноў затрымалі — ужо ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. 16 лютага пасольства Расіі ў Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой выказала надзею на "ўсебаковы і аб'ектыўны" разгляд беларускім судом матэрыялаў спраў Гапонава і Брэуса. "Мы неаднаразова заяўлялі і пацвярджаем, што нашы суайчыннікі ў катэгарычнай форме адхіляюць любыя абвінавачанні ў сваім актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 19 снежня 2010 года, кантактах з экс-кандыдатамі ў прэзідэнты, тайнай змове паміж сабой, сілавых акцыях супраць прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў і г.д.", — гаворыцца ў заяве. "Як паказалі матэрыялы следства, з якімі былі азнаёмлены А.Брэус і І.Гапонаў, доказаў выстаўленых абвінавачанняў нашым грамадзянам дагэтуль прад'яўлена не было. У сувязі з гэтым адвакаты расійскіх грамадзян хадайнічалі аб спыненні крымінальнай справы з-за адсутнасці важкіх доказаў іх віны, у чым ім было адмоўлена", — падкрэсліваецца ў дакуменце. "На сёння даказана толькі прысутнасць А.Брэуса і І.Гапонава на плошчы сярод дзясяткаў тысяч незадаволеных беларусаў. Аднак па гэтым факце беларускі суд раней вынес сваё рашэнне, па якім расіяне ўжо панеслі адміністрацыйнае пакаранне", — гаворыцца ў заяве пасольства.
Таццяна Каравянкова, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение