Памёр рэжысёр Рыд Таліпаў

21 лютага ў мінскай бальніцы памёр Рыд Таліпаў — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

21 лютага ў мінскай бальніцы памёр Рыд Таліпаў — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Спадар Таліпаў лячыўся ў 9-й бальніцы Мінска ад запалення лёгкіх, аднак 16 лютага ў яго здарыўся яшчэ і інсульт. 21 лютага каля 17 гадзін вечара на 63-цім годзе знакаміты рэжысёр пайшоў з жыцця…Мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Рыд Таліпаў стаў 31 сакавіка 2009 года.

"Еўрарадыё"

***

Слова на разьвітаньне

Рыд Таліпаў у гісторыі беларускага тэатру застанецца перадусім як адзін з арганізатараў студыйнага, альтэрнатыўнага тэатральнага руху пры канцы 1980-х гадоў і як пачынальнік інтэлектуальнага тэатру ў Беларусі. Вецер пераменаў, які пранёсься тады над грамадзтвам, уцягнуў у свой вір і маладых беларускіх рэжысэраў. Рыд Таліпаў, Мікола Трухан, Віталь Баркоўскі, Вітас Грыгалюнас, Вячаслаў Іназемцаў, не азіраючыся на кансэрватыўных крытыкаў і міністэрскіх чыноўнікаў, рабілі свой тэатар, тэатар свайго часу. Хай толькі на некалькі гадоў, але яны ўзарвалі ім замшэлае мастацкае жыцьцё Беларусі. А іх тэатры сталі культавымі. З афіцыйным, сацыялістычна-рэалістычным мастацтвам Рыд Сяргеевіч, як яго маладыя акторы з падкрэсьленай павагай называлі, палемізаваў стыльнымі, эстэтычна вытанчанымі пастаноўкамі інтэлектуальнай заходняй драмы. У сваім тэатры ў сутарэньні на плошчы Перамогі ў Менску Таліпаў адкрыў для беларусаў абсурдысцкую ці парадаксальную драматургію палякаў Славаміра Мрожака і Тадэвуша Ружэвіча. «Стрыптыз» і «Картатэка» былі самымі сьмелымі на той час тэатральнымі экспэрымэнтамі на беларускай сцэне. Гэта была рэвалюцыя ў пошуках формы і гэта быў старт айчыннага тэатру ў прастору абсурдысцкай, інтэлектуальнай эўрапейскай драмы.У Рыда Таліпава мне заўсёды імпанавала сур’ёзнае, пераборлівае стаўленьне да драматургіі. Ён аддаваў перавагу ўсясьветнай клясыцы, не забудуцца ягоныя экспэрымэнты, прыкладам, з камэдыямі Антона Чэхава. З павагай ставіўся рэжысэр і да беларускай драматургіі. Застаюцца ў памяці ягоныя пастаноўкі п’ес Сяргея Кавалёва. Але Таліпаў адмаўляўся ставіць мясцовых графаманаў. Прынцыпова паўтараў, што «нельга кідаць на сцэну ўсё», бо «сцэна — ня сьметніца». І да 85-годзьдзя Беларускага тэатру імя Якуба Коласа ён працаваў над клясычнай камэдыяй Кандрата Крапівы «Брама неўміручасьці». Гэты спэктакль мы ўжо, на жаль, не пабачым.

Вячаслаў Ракіцкі, "Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение