Чатыры гады строгага рэжыму. Першы прысуд за Плошчу

Сёння пачаліся першыя суды па справе аб масавых беспарадках. А 10-й гадзіне ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачалі судзіць Васіля Парфянкова.Васіля Ягоабвінавачаюць у тым, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, нанёс не менш за 61 удар па дзвярах Дома ўрада.

А 17.30 стаў вядомы прысуд: ён жорсткі. Васіля Парфянкова пакаралі 4 гадамі строгага рэжыму.

У сваім апошнім слове Парфянкоў папрасіў суд не караць яго сурова. Ён кажа, што не рабіў злачынства, а паддаўся настрою, некалькі разоў ударыў па агароджах і не нанёс шкоды.

Васілёва маці Валянціна сказала, што яе сына зрабілі казлом адпушчэння, падставілі. Але яна кажа, што не асуджае сына, бо ён выказваў сваю пазіцыю.

***

Ужо а 9.30 раніцы міліцыянты ў цывільным адмаўляліся пускаць журналістаў у залу суда Фрунзенскага раёна сталіцы. Тлумачылі гэта тым, што няма свабодных месцаў. Але калі прыехала здымачная група тэлеканала АНТ, ім дазволілі ўвайсці. Пасля перамоваў з адміністрацыяй прапусцілі і фатографаў з аператарамі. Але пры ўмове, што яны выйдуць з пачаткам суда.

Суддзя Вольга Комар забараніла весці фота- і відэаздымкі. І папрасіла выйсці тых, каму не хапіла вольных месцаў.

Спачатку фармальныя працэдуры, пасля якіх грамадзянскі пазоўнік падаў пазоўнае патрабаванне на 14 мільёнаў 48 тысяч за замену дзвярэй і сцёкавых труб у будынку па адрасе Савецкая, 11, «расліннага свету» побач з ім.

Васіля Парфянкова абвінавачаюць у тым, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, нанёс не менш за 61 удар па дзвярах Дома ўрада.

Парфянкоў прызнае віну часткова. Маўляў, у шэсці і мітынгу ўдзельнічаў, а ў пагромах — не.

Падчас допыту яму прыйшлося ўзгадаць усе падзеі, сведкам якіх з’яўляўся. Ад 19 гадзін 19 снежня, калі ён прыйшоў на офіс Уладзіміра Някляева.

Парфянкоў быў у калоне экс-кандыдата на прэзідэнта, якай рухалася на Кастрычніцкую плошчу.

«Ехаў мікрааўтобус побач з намі. Пасля з’явіліся незразумелыя людзі ў чорным без знакаў адрознення. Паклалі тварам на снег. Прайшло хвілін дзесяць. Як паклалі, так і адпусцілі. Мікрааўтобус застаўся там. Павыбівалі ў ім шыбы».

Збіты Някляеў. Яго забірае хуткая. Кастрычніцкая. Шэсце да плошчы Незалежнасці. Калі Парфянкоў стаяў каля помніка Леніну, пачуў гук разбітага шкла. Падышоў паглядзець, што адбываецца на ганку Дома ўрада.

«Убачыў людзей. Шыбы былі разбіты. Яны штурхалі дзверы. За дзвярыма стаяла драўлянае загрувашчванне. І людзі штурхалі яго».

Калі ў Пафянкова паспрабавалі спытаць, навошта ён пачаў нанасіць удары, той адказаў. «Не тое каб удары. Штурхаў. Немагчыма было не штурхаць, натоўп ззаду...» Пракурор не даў дагаварыць — абарваў Парфянкова іншым пытаннем.

Але пасля ён змог дагаварыць: «Стаіш. Натоўп ззаду напірае і кідае на гэтае нагрувашчванне». Адысці было немагчыма. І толькі пасля заклікаў Рымашэўскага супакоіцца, калі да парадку заклікалі Статкевіч і Саннікаў, натоўп адступіў ад дзвярэй.

Увага адваката Ягора Папкоўскага неаднаразова звярталася на тое, што на Кастрычніцкай плошчы Парфянкоў не чуў афіцыйнага папярэджання. Маўляў, каб прысутныя разыходзіліся, бо акцыя з’яўляецца несанкцыянаванай. Не чуў ён і заклікаў разысціся з нагоды несанкцыянаванага шэсця перад нападам на калону Някляева.

У адказах на пытанні абаронцы Парфянкоў неаднаразова падкрэсліў, што не чуў ніякіх заклікаў да беспарадкаў. Не бачыў ён і ніякіх прадметаў, акрамя сцягоў на вудзілах у руках людзей. А ў матэрыялах справы пералічаны рэчы, якія былі знойдзены каля Дома ўрада. Рыдлёўка, сякера, лёдарубы, лом, трубы, бутэлькі. Апошніх было каля двух дзясяткаў: з-пад гарэлкі, каньяку, піва. Але на ніводнай рэчы няма адбіткаў пальцаў, па якіх можна было б ідэнтыфікаваць чалавека.

Падчас прагляду відэа з плошчаў, Кастрычніцкай і Незалежнасці, з’явіліся новыя кадры, якіх у інтэрнэце да гэтага не было. Напрыклад, калі пачынае бегчы спецназ, людзі ў цывільным пачынаюць выкрыкваць ім «Своі, своі!», «ГУВД, ГУВД!»

Па словах праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які прысутнічаў на судзе, справу Парфянкова нацягваюць на артыкул «масавыя беспарадкі». Ён лічыць, што яна хутчэй падыходзіць да адміністрацыйнай справы — «хуліганства». Праваабаронца ўпэўнены, што не суддзя Вольга Комар будзе вырашаць лёс справы. Гэта вырашыцца ў Адміністрацыі прэзідэнта.

* * *

17 лютага (чацвер) пачаліся першыя суды па справе аб масавых беспарадках. А 10-й гадзіне ў гэты дзень у судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачалі судзіць Васіля Парфянкова.

Адрас Фрунзенскага суда: Мінск, вул. Дуніна-Марцінкевіча, (ст.метро Спартыўная).

Што вядома пра Васіля Парфянкова? Падчас выбараў-2010 ён супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду!», быў актывістам штаба Уладзіміра Някляева.

Затрыманы 4 студзеня ў якасці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА па вул. Валадарскага.

Імя Васіля Парфянкова згадваецца ў «выкрывальных» артыкулах у прэзідэнцкай газеце «Советская Белоруссия» пад загалоўкам «За кулисами одного заговора».

Гаворыцца, што з 2001 па 2005 гады Васіль быў сябром «Зубра» ды «Маладога фронта», а потым быў на ўкраінскім Майдане. «Советская Белоруссія» з падачы спецслужбаў намякае, што Парфянкоў — ледзь не баявік: «Удзельнічаў у захопе штаба В.Януковіча сумесна з сябрамі УНА УНСО, з якімі падтрымлівае таварыскія адносіны». Што да падзей 19 снежня, наўпрост сцьвярджаецца, што Васіль быццам бы «непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, ажыццяўляў штурм адміністратыўнага будынка — Дома ўрада, разбіваў шкло, дзверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў з выкарыстаннем побытавых прадметаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў».

Парфянкоў быў удзельнікам абароны Курапатаў у 2001–2002 гадах. Ён трымаецца адкрыта радыкальных поглядаў і ў часе следства адкрыта прызнаў сваю віну. Напэўна, менавіта гэта стала прычынай таго, што яго судзяць першым. Гэта своеасаблівы тэст для заходняй дыпламатыі.

Калі б першым судзілі Дашкевіча ці кагосьці з экс-кандыдатаў, рэакцыя была б адназначнай. У дадзеным выпадку лукашэнкаўцы хочуць заблытаць сітуацыю.

Еўрасаюз папярэджваў Мінск, што ў выпадку жорсткіх прысудаў палітвязням, ЕС увядзе новыя санкцыі за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

"Наша Ніва"