Да 120-годдзя Багдановіча перавозіць яго магілу ў Беларусь не збіраюцца

Як паведаміла БелТА, Савет Міністраў зацвердзіў рашэнне аб правядзенні рэспубліканскіх і рэгіянальных мерапрыемстваў з нагоды 120-годдзя паэта. Для гэтага стварылі арганізацыйны камітэт на чале з міністрам культуры Паўлаў Латушкам.

Акрамя звычайных выстаў і літаратурных імпрэзаў запланаваныя рэстаўрацыя дома ў Траецкім прадмесці, дзе нарадзіўся паэт, выданне энцыклапедыі «Максім Багдановіч» і факсіміле яго «Вянка». А ў Гродне абяцаюць паставіць помнік.

Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Мінску. Паэт, перакладчык. Аўтар адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў «Вянок» (1913/14). Большую частку жыцця правёў у Расіі. Хварэў на сухоты. Памёр 25 мая 1917 года ў Ялце, дзе і пахаваны.

Але не менш важным застаецца пытанне з магілай паэта, якая знаходзіцца ў Ялце. Ці будуць яго парэшткі перазахаваны ў Беларусі? Дырэктарка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч паведаміла, што такое рашэнне не прынятае. А музей увогуле не ініцыюе падобны акт.

Спн. Шэляговіч кажа, што няма ўпэўненасці ў дакладным месцы знаходжання парэшткаў паэта.

Яе скептыцызм грунтуецца на гісторыі, калі ў 1924 годзе паэты Дубоўка, Ажгірэй і Александровіч паехалі ў Ялту на пошукі магілы Багдановіча. На могілках яны «зацiкавiлi вартаўнiковых сыноў, якiя ўзялiся дапамагаць шуканню. Прыйшлi на другi дзень, 19 жнiўня. Хлапчукi прынеслi нам таблiчку з жалобным надпiсам, але крыжа няма... Аказалася, хлапчукi адрывалi таблiчкi ад крыжоў i коўзалiся на iх з каменнай гары, па адхону гары», — так апісаў вынікі паездкі Уладзімір Дубоўка, хаця ён быў упэўнены, што паказаная ім вартаўніком магіла была сапраўды Максіма Багдановіча. А калі з’язджалі пісьменнікі, закапалі на тым месцы цыдулку ў шклянцы, каб наступны раз не пераблытаць. Але калі прыехала чарговая дэлегацыя, адшукалі нібыта падобную магілу. Шклянку, праўда, не знайшлі. А помнік паставілі.

Магіла была страчана, а пасля адшукана.

Таццяна Шэляговіч адзначае, што можна было б правесці даследаванне парэшткаў. Але ніхто на гэта не пайшоў. І ўпэўнена, што перавоз магілы паэта сёння нічога не дасць. «Мы больш страцім, чым знойдзем. Наша грамадства не гатовае, каб учыніць такі акт. І сёння для Багдановіча лепей там». Маўляў, галоўнае — паэзія Багдановіча, міфы, якія ахуталі яго імя. А калі ў Мінску створаць «пантэон», то наведваць яго будзе меншая колькасць людзей, чым нават ездзяць у Ялту на яго магілу.

Сяргей Макарэвіч, "Наша Ніва"