У Мінску прадстаўлены новы беларускі рэсурс анлайн-браніравання гасцініц Hotel.by

У Мінску 15 лютага прайшла прэзентацыя новага беларускага рэсурсу анлайн-браніравання гасцініц Hotel.by. Інтэрнэт-рэсурс адкрыты турыстычнай кампаніяй «Вакол свету».

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі дырэктар кампаніі Марына Кандрашова, мэта стварэння рэсурсу — прасоўванне краіны на сусветным рынку турыстычных паслуг. Сярод прычын стварэння сайта яна назвала актыўнае развіццё анлайн-тэхналогій па браніраванні гасцініц. Паводле слоў дырэктара, кампанія на працягу дзесяці гадоў супрацоўнічае з сусветнымі пастаўшчыкамі паслуг па анлайн-браніраванні гасцініц і ў распрацоўцы беларускага сайта пастаралася ўлічыць усе іх плюсы і мінусы. Сярод недахопаў сусветных рэсурсаў Кандрашова назвала статычныя схемы, па якіх яны працуюць. У прыватнасці, калі змяненні ў беларускім заканадаўстве абавязалі айчынных аператараў і гасцініцы фарміраваць цэны толькі ў беларускіх рублях, замежныя рэсурсы на некалькі месяцаў спынілі продажы паслуг у Беларусі.

Паводле слоў Кандрашовай, рэсурс Hotel.by прызначаны як для індывідуальных падарожнікаў і карпаратыўных кліентаў, так і для прафесійных партнёраў.

Цяпер сістэма ўключае 38 гасцініц у 14 гарадах Беларусі.

Сайт утрымлівае падрабязную інфармацыю аб кожным гатэлі, прадугледжвае магчымасць сартавання па цане, назве і катэгорыі гасцініцы. Сярод пераваг рэсурсу для кліентаў дырэктар назвала наяўнасць у беларускіх гатэлях гарантаваных месцаў, магчымасць аплаты банкаўскай карткай і імгненнага пацвярджэння замовы. Цэны ў гатэлях пры браніраванні праз сайт крыху ніжэйшыя, чым пры звычайным разліку. Сайт мае рускую і англійскую версіі, пазней плануецца дадаць версіі яшчэ на некалькіх мовах.

Кандрашова адзначыла, што Hotel.by — гэта партнёрская праграма для іншых інтэрнэт-рэсурсаў. Як дадатковы сэрвіс рэсурс прысутнічае на сайце авіякампаніі «Белавія», браніраванне гатэляў Hotel.by магчыма на сайтах многіх беларускіх турагенцтваў і Мінскай гасцінічнай асацыяцыі.

Намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга выказаў упэўненасць, што праект Hotel.by будзе жыць і садзейнічаць нарошчванню экспарту турыстычных паслуг. Ён адзначыў, што за апошнія два тыдні разглядаў чатыры-пяць праектаў па анлайн-браніраванні гасцініц, таму не выключае, што ў перспектыве будзе неабходна кансалідацыя ўсіх такіх рэсурсаў.

Таццяна Дарашчонак, "БелаПАН"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение