ТБМ запрашае на Усебеларускую дыктоўку — 21 лютага

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны запрашае на IV Усебеларускую дыктоўку, якая пачнецца 21 лютага, а 18.00 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што дыктоўка прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. Тэксты для дыктоўкі падрыхтаваныя на аснове твораў Максіма Багдановіча, 120-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца сёлета (9 снежня).

Найбольш актыўныя ўдзельнікі акцыі атрымаюць прызы.

Дыктоўка будзе праводзіцца ў тры этапы:

першы 21 лютага — у Міжнародны дзень роднай мовы,

другі — 15 сакавіка ў дзень прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь,

трэці — 25 сакавіка ў дзень абвяшчэння незалежнасці БНР.

"БелаПАН"