Улады Зельвы і далей не жадаюць вуліцы Ларысы Геніюш

Грамадскі актывіст з Зельвы Яўген Скрабутан атрымаў чарговую адмову ад мясцовых уладаў на сваю ініцыятыву аб перайменаванні вуліцы Савецкай у раённым цэнтры ў вуліцы слыннай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, на якой яна жыла.

Гэта ўжо трэцяя адмова — гэтым разам раённы савет дэпутатаў спасылаецца на тое, што прэзідыум раённага савета ветэранаў адзінагалосна выступіў супраць перайменавання Савецкай вуліцы ў Зельве ў гонар паэткі-дысідэнткі, паведаміў Яўген Скрабутан:

— Калі на самым пачатку яны аргументавалі сваю адмову тым, што нібыта вуліца Савецкая асацыюецца ў грамадстве з надзеяй на лепшую будучыню, потым казалі, што нібыта няма грошай на перайменаванне, а цяпер, калі я сабраў усе паперчыны — з тапанімічнай камісіі, адабрэнне абласнога выканаўчага камітэта,-то яны прыдумалі, што нібыта савету ветэранаў гэтая ідэя не падабаецца.

Грамадскі актывіст ужо больш за паўгода дамагаецца з’яўлення вуліцы ў памяць вядомай паэткі. У наступным сваім кроку ён збіраецца падаваць скаргу ў абаласны савет дэпутатаў на неправамоцнае рашэнне мясцовага савета дэпутатаў.

"Наша Ніва"