ЗША ўвялі палітычныя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска

Услед за Еўрасаюзам санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска ўвялі Злучаныя Штаты, пры гэтым санкцыі носяць не толькі палітычны, але і эканамічны характар.

У заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША Філіпа Кроўлі гаворыцца, што Злучаныя Штаты аб`яўляюць аб увядзенні мер у адказ на "брутальнае падаўленне прэзідэнтам Лукашэнкам і ўрадам Беларусі дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў", "непрапарцыянальнае прымяненне сілы і затрыманне соцень дэманстрантаў, уключаючы пяцярых кандыдатаў у прэзідэнты, працяг рэйдаў супраць грамадзянскай супольнасці, СМІ і палітычных партый, закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску і фальсіфікацыі пры падліку галасоў". ЗША аднавілі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў "Полацк-Шкловалакно" і "Лідская лакафарба", пашырылі спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Паводле слоў Кроўлі, уезд у ЗША будзе забронены для тых асоб і членаў іх сем`яў, хто мае дачыненне да разгону акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску і наступных рэпрэсій у Беларусі. "ЗША таксама працуюць над фінансавымі санкцыямі ў дачыненні да шэрагу асоб і прадпрыемстваў у Беларусі. Крытэрыем пападання ў гэты спіс стане дачыненне да дзеянняў па падаўленні дэмакратычных інстытутаў ці парушэння правоў чалавека пры дапамозе палітычных рэпрэсій", — сказаў Кроўлі. Ён падкрэсліў, што ЗША настойваюць на неадкладным вызваленні ўсіх затрыманых і зняцці з іх усіх абвінавачанняў, спыненні рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі, а таксама павазе права на выказванне палітычных поглядаў, свабоду СМІ і развіццё грамадзянскай супольнасці. Паводле слоў Кроўлі, ЗША будуць рэагаваць і будаваць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі ў адпаведнасці з дзеяннямі беларускага ўрада. "Прынятыя меры не скіраваныя супраць беларускага народа. Злучаныя Штаты плануюць павялічыць сёлета як мінімум на 30% дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і дэмакратычным палітычным партыям", — сказаў Кроўлі. Ён заявіў, што ЗША дзейнічаюць у цеснай каардынацыі з ЕС і іншымі партнёрамі ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі і адказу на падзеі. 31 студзеня міністры замежных спраў краін ЕС заявілі пра візавыя санкцыі ў дачыненні да 158 беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя.

Таццяна Каравянкова, "БелаПАН"