Рада ТБМ падтрымала прапанову Адама Мальдзіса аб вяртанні падпіскі на беларускамоўныя мастацкія выданні

30 студзеня рада рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» падтрымала прапанову ганаровага старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса аб неабходнасці вяртання падпіскі на беларускамоўныя мастацкія выданні.

Як адзначыў навуковец, на кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржуніверсітэта пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук Анатоля Вераб’я рыхтуецца 25-томнік твораў Уладзіміра Караткевіча.

Паводле слоў Мальдзіса, першыя тамы збору могуць пабачыць свет налета, а выхад апошняга тома запланаваны на 2020 год, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння пісьменніка. Для больш надзейнага распаўсюджвання такога кшталту збораў Мальдзіс прапанаваў вярнуцца да падпіскі на шматтомныя беларускамоўныя выданні ва ўсіх кніжных крамах краіны.

Паводле яго слоў, паколькі Караткевіча чытаюць усе беларусы, трэба абвясціць агульнанацыянальную акцыю на падпіску на збор твораў пісьменніка пад дэвізам «Чытаем разам Уладзіміра Караткевіча».

Рада падтрымала прапанову Мальдзіса пра абвяшчэнне падпіскі на 25-томнік Караткевіча і вырашыла звярнуцца з лістом да ўрада аб вяртанні падпіскі на беларускамоўныя выданні мастацкай літаратуры.

У першых двух тамах збору твораў Караткевіча плануецца змясціць яго паэзію, прычым да другога тома мяркуецца прыкласці кампакт-дыск «Вершы і песні Уладзіміра Караткевіча ў аўтарскім выкананні». У трэці том увойдуць казкі і апавяданні, у чацвёрты і пяты — легенды і аповесці, у шосты — раман «Нельга забыць», у сёмы і восьмы — раман «Каласы пад сярпом тваім», у дзявяты — раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», у дзясяты — раман «Чорны замак Альшанскі». Акрамя таго, запланавана выданне тома драматургіі, двюх кніг публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі, двух тамоў эпісталярнай спадчыны, кнігі перакладаў і аўтаперакладаў, тома малюнкаў пісьменніка, а таксама трох кніг сцэнарыяў і лібрэта. У збор увойдуць дзённікі, запісныя кніжкі, дарчыя надпісы, дапаўненні папярэдніх тамоў збору, летапіс жыцця і творчасці Караткевіча. Тамы публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі будуць дапоўненыя кампакт-дыскам з аўдыёзапісамі выступленняў пісьменніка.

"Белапан"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение