З СІЗА КДБ адпусцілі некалькіх абвінавачаных у масавых беспарадках у Мінску

29 студзеня з СІЗА КДБ адпушчаныя экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў і журналістка Ірына Халіп, жонка Андрэя Саннікава. Яны і яшчэ 35 чалавек абвінавачваюцца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года (арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

Як паведаміў Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ, Някляеў і Халіп "змешчаныя пад дамашні арышт з утрыманнем пад вартай".

Позна вечарам, прыкладна ў 22.30, Някляева даставілі дадому супрацоўнікі спецслужб. Журналістам, якія сустракалі палітыка каля пад'езда, ён на хаду сказаў: "Дзякуй, што прыйшлі. Хачу падзякаваць усім, хто мяне падтрымліваў у гэтыя нялёгкія часы". Таксама 29 студзеня з СІЗА КДБ адпушчаны яшчэ адзін абвінавачаны па гэтай жа крымінальнай справе — давераная асоба Някляева Сяргей Вазняк, галоўны рэдактар газеты "Товарищ", член бюро ЦК Беларускай партыі левых "Справядлівы свет". Ён адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Дазваніцца да Вазняка дагэтуль не ўдалося. Як паведаміў БелаПАН намеснік галоўнага рэдактара, член ЦК Дзмітрый Яненка, паводле яго звестак, адмова ад зносін з прэсай — адна з умоў змянення Вазняку меры стрымання.

Нагадаем, 28 студзеня з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе былі адпушчаныя рэдактар сайта charter-97.org Наталля Радзіна і кіраўнік штаба Саннікава Уладзімір Кобец. 7 студзеня пад падпіску аб нявыездзе былі адпушчаныя Алег Корбан (давераная асоба Яраслава Раманчука) і Анатоль Паўлаў (кіраўнік выбарчага штаба Раманчука). Вечарам 29 студзеня ЦІГС КДБ распаўсюдзіў паведамленне для прэсы, у якім растлумачыў прычыны змянення меры стрымання сямі абвінавачаным па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

"Засноўваючыся на выніках праведзеных раней следчых мерапрыемстваў, устанаўленні асноўных акалічнасцяў крымінальнай справы па факце масавых беспарадкаў, ролі кожнага з абвінавачаных і іх лініі паводзін следствам па ўзгадненні з органамі пракуратуры прынята рашэнне аб змяненні меры стрымання ў дачыненні да У.Някляева, А.Корбана, А.Паўлава, У.Кобеца і С.Вазняка", — гаворыцца ў паведамленні. — Апрача таго, па гэтых і іншых падставах зменена мера стрымання ў дачыненні да І.Халіп і Н.Радзінай".

Як раней паведамляў БелаПАН, абвінавачанні ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, паводле апошніх звестак, прад'яўлены 37 чалавекам, у ліку якіх пяць экс-кандыдатаў у прэзідэнты: Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі. Апошні быў вызвалены з СІЗА 1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе. 31 студзеня Савет міністраў замежных спраў Еўрасаюза ў Бруселі плануе прыняць рашэнне аб увядзенні санкцый у адносінах да Беларусі. Як паведаміла напярэдадні брусельскае анлайн-СМІ EuObserver, у спіс неўязных у Еўрасаюз можа быць уключана 158 беларускіх службовых і іншых асоб, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшыя сыны. Таксама магчымае ўвядзенне эканамічных санкцый.