Генпракуратура зноўку хлусіць. Адвакатаў не пускаюць 27 дзён

Адвакаты і сваякі вязняў КДБ абвяргаюць інфармацыю Генпракуратуры Беларусі.

Учора ў Генпракуратуры заявілі, што праведзеная 24 студзеня праверка ўмоваў утрымання абвінавачаных па так званай справе "аб масавых беспарадках" ўстанавіла: "рэжым утрымання адказвае патрабаванням нарматыўных дакументаў, іх здароўе здавальняючае".

У Генпракуратуры таксама заявілі, што да асобаў, якія знаходзяцца пад вартай, забяспечаны ва ўстаноўленым парадку доступ адвакатаў і сваякоў, арганізаванае атрыманне пасылак, грашовых пераводаў і лістоў.

Між тым многія адвакаты не бачылі сваіх падабаронных з канца снежня. Нічога невядома пра Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Мікалая Статкевіча, Зміцера Бандарэнку, Ірыну Халіп, Аляксандра Атрошчанкава і іншых палітвязняў.

Тамара Сідарэнка, адвакат кандыдата ў прэзыдэнты Уладзіміра Някляева, учора зноў знаведвала СІЗА КДБ, у чарговы раз спрабуючы сустрэцца з Някляевым. "З раніцы я была трэцяй у чарзе, пасля абеду - першай. Аднак перада мной праходзяць іншыя адвакаты, не звязаныя з крымінальнай справай аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня мінулага года. Наколькі я ведаю, аналагічная сітуацыя і ў іншых адвакатаў", - распавяла Сідарэнка БелаПАН.

Адвакат падкрэсліла, што неаднаразова звярталася да начальніка следчага ізалятара і ў органы папярэдняга расследавання з просьбай аб сустрэчы са сваім падабаронным, але беспаспяхова. "Я не бачыла Някляева з 29 снежня мінулага года", - сказала Сідарэнка.

Таццяна Станкевіч, адвакат кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, у чарговы раз спрабавала сустрэцца са сваім падабаронным 24 студзеня. "Я палову дня правяла ў КДБ, але ў выніку да Статкевіча так і не патрапіла", - паведаміла яна. "Калі пракуратура заяўляе, што доступ адвакатаў да падабаронных вольны, то гэта, напэўна, не ў маім выпадку", - сказала Станкевіч, якая апошні раз бачыла зняволенага палітыка 29 снежня.

Абвяргаюць заявы Генпракуратуры і сваякі абвінавачаных.

Па словах Уладзіміра Халіпа, бацькі журналісткі і жонкі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, у апошні раз адвакат бачыў ягоную дачку ў мінулым годзе. "Няма ніякіх вестак ні з нашага боку, ні ад Ірыны, ні ад адвакатаў. Мы пастаянна знаходзімся ў кантакце з адвакатам, ён апошні раз Ірыну бачыў 29 снежня", - сцвярджае Уладзімір Халіп.

Вольга Бандарэнка, жонка даверанай асобы Саннікава Зміцера Бандарэнкі, падкрэсліла: ні аб якой сустрэчы з мужам "гаворкі не ідзе". "Я не магу нават забраць у яго брудную бялізну, каб памыць. Я кожны раз, калі прыношу перадачы, запісваюся на тое, каб забраць для прання ягоныя рэчы. Але нават брудных рэчаў мне не аддаюць, не кажучы ўжо пра якія-небудзь сустрэчы", - заяўляе Вольга. Па ейных словах, апошні раз адвакат наведваў яе мужа таксама 29 снежня.

Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам адвакат мае права на бесперашкодныя зносіны з падабаронным, без абмежавання колькасці і працягласці гутарак.

"Адсутнасць доступу да юрыстаў, адсутнасць камунікацыі з сям'ёй і, наколькі мы ведаем, адсутнасць доступу да медыцынскага абслугоўвання - менавіта гэтыя акалічнасці і выклікалі такое абурэнне міжнароднай супольнасці", - заявіў 24 студзеня падчас візіту ў Мінск намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа.

"Хартыя'97"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение