Рашэнне пра аднаўленне Мінскага замчышча і Нямігі прыме Лукашэнка

У сталіцы збіраюцца аднавіць Замчышча XII стагоддзя — месца, з якога ўзнік і развіваўся горад. Там плануецца стварыць гісторыка-археалагічны музей. Праўда, на сёння распрацаваны толькі праект паўднёва-ўсходняй часткі Замчышча. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў галоўны інжынер прадпрыемства “Мінская спадчына” Міхаіл Жых.

А пакуль спецыялісты спрачаюцца наконт праекту гэтай рэканструкцыі (фота).

У сталіцы збіраюцца аднавіць Замчышча XII стагоддзя — месца, з якога ўзнік і развіваўся горад. Там плануецца стварыць гісторыка-археалагічны музей. Праўда, на сёння распрацаваны толькі праект паўднёва-ўсходняй часткі Замчышча. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў галоўны інжынер прадпрыемства “Мінская спадчына” Міхаіл Жых.Жых: “Там будзе адноўлена брама ўваходу ў замчышча, адбудуцца рэканструкцыі па аднаўленні ніжняга рынку з гандлёвымі радамі. Брама будзе весці гасцей у экспазіцыйную частку музея. Гэта будзе макет рэканструкцыі ў натуральную велічыню пэўных фрагментаў гораду ХІІ стагоддзя. Там будзе фрагмент абарончага валу і царква ХІІ стагоддзя”. У межах помніка часткова адновіцца старажытная рака Няміга, працягвае Міхаіл Жых:“Фрагменты рэчышча будуць узнятыя. А ўздоўж валу будуць фрагменты басейна з паўночна-заходняга і паўночна-ўсходняга боку вала. Яны будуць нагадваць аб некалі існаваўшай Нямізе”. Аднак, калі пачнецца праца, пакуль невядома. Між іншым, макет праекту рэканструкцыі разгледзіць кіраўнік краіны. Толькі пасля гэтага будзе вырашана аб пачатку рэканструкцыі, кажа галоўны інжынер “Мінскай спадчыны”. Гэтае прадпрыемства, дарэчы, і выступіла заказчыкам праекту рэканструкцыі. Праўда, да распрацаванага ўжо праекту ёсць прапановы на дапрацоўку. Іх зрабіла “Дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. Архітэктурная секцыя таварыства распрацавала карэкціроўкі, якія цяпер могуць быць унесеныя ў праект, паведаміў кіраўнік таварыства Антон Астаповіч.Астаповіч: “Праводзілася некалькі працоўных нарад у заказчыка аб’екта. Яшчэ ў лістападзе заказчык КУП “Мінская спадчына” прапанавала Таварыству аховы помнікаў распрацаваць карэкціроўкі ў праект. У гэтым рэчышчы мы распрацавалі сваю эскізную прапанову. Па-першае, мы скарэктавалі вал замчышча і месцазнаходжання першай мінскай царквы, далі прапанову па адраджэнні мураванай архітэктуры ніжняга і мяснога рынку, і па адраджэнні будынку гарадскога суда”. І праект, і карэкціроўка да праекту будуць абмеркаваныя на навуковым семінары 8 лютага, кажа Антон Астаповіч. Замчышча надзвычай важны аб’ект, да таго ж яго тэрыторыя ўваходзіць у склад гісторыка-культурных каштоўнасцяў першай катэгорыі, нагадвае кіраўнік таварыства. Прадстаўнік архітэктурнай секцыі таварыства Антон Вантух непасрэдна займаўся распрацоўкай карэкціроўкі да праекту. На яго думку, пэўныя дапрацоўкі неабходныя, каб будучы помнік мог лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.Вантух: “Ёсць асноўныя базавыя палажэнні, якія трэба выканаць абавязкова, каб працы і тое, што атрымаецца мела дачыненне да гісторыка-культурнай каштоўнасці. Чатыры асноўныя кампаненты характарызуюць прынцып гісторыка-культурнай каштоўнасці. Першае — гэта планіровачная структура: сетка вуліц, трасіроўка іх”. На сёння ёсць матэрыялы, якія дазваляюць узнавіць планіровачную структуру горада тых часоў, кажа Вантух. Распрацоўка праекту рэканструкцыі вялася на падставе археалагічных матэрыялаў. Гэтыя матэрыялы былі адшуканыя падчас археалагічных раскопак на месцы Замчышча. Археолагі сцвярджаюць, што культурны слой замчышча яшчэ хавае шмат знаходак. Раскопкі там працягнуцца надалей. Сярод спрэчных момантаў, адзін з даследчыкаў замчышча археолаг Аляксандр Мядзведзеў называе царкву XII стагоддзя, якую збіраюцца аднавіць. Мядзведзеў: “Існуюць рознагалоссі, была царква дабудаваная, ці не. У 2009 годзе побач з царквой мы знайшлі майстэрню, дзе апальвалі вапну. Захаваліся рэшткі апалубкі. Пасля таго яны павінны былі абліцоўваць царкву цэглай, але слядоў цэглы няма”. Цяпер ёсць меркаванні аднавіць царкву на гэтым падмурку, што захаваўся. Але падмурак можа не вытрываць, кажа Аляксандр Мядзведзеў. Археолаг дадае, што падмурак царквы трэба даследаваць далей, каб адсачыць этапы будаўніцтва. Гэта неабходна, каб дапамагчы архітэктарам падлічыць, наколькі захаваўся падмурак. На той пляцоўцы, дзе было замчышча, яшчэ сто гадоў таму быў квартал 29, дзе стаяла 14 дамоў. Там былі гаспадарчыя пабудовы. На думку археолага, помнік было б варта зрабіць з ухілам на XII стагоддзе, але не забывацца на іншыя гістарычныя перыяды, праз якія прайшло замчышча. Дарэчы, Таварыства аховы помнікаў ужо прапанавала віртуальны праект гістарычнага цэнтру.

Арцём Мартыновіч, "Еўрарадыё"