З СІЗА КДБ адпушчаны Віталь Рымашэўскі і Андрэй Дзмітрыеў

Са следчага ізалятара КДБ адпушчаны два падазроныя па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня — былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева. Абодва выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Як паведаміў БелаПАН Дзяніс Садоўскі, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", сустаршынёй якога з'яўляецца Рымашэўскі, экс-кандыдата выпусцілі з СІЗА ў ноч на 1 студзеня пасля таго, як ён напісаў растлумачальную запіску на імя Аляксандра Лукашэнкі. Звязацца з ім не ўдалося, у гэты момант Рымашэўскі знаходзіцца на допыце ў КДБ. Плануецца, што 4 студзеня в 11.00 палітык дасць прэс-канферэнцыю ў офісе Партыі БНФ.

Раніцай 3 студзеня з СІЗА КДБ таксама адпушчаны Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Пра гэта БелаПАН паведаміў палітолаг Віталь Сіліцкі, які сустракаўся з Дзмітрыевым.

У інтэрв'ю БелаПАН Дзмітрыеў паведаміў, што таксама адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Пры гэтым Дзмітрыеў сцвярджае, што не пісаў ніякіх зваротаў і тлумачэнняў на імя Лукашэнкі. У змяненні яму меры стрымання кіраўнік штаба Някляева не выключае "нейкага палітычнага кантэксту". "Чаму мяне адпусцілі, магу толькі гадаць", — сказаў палітык, адзначыўшы, што ён даў падпіску аб невыдаванні матэрыялаў крымінальнай справы. Як і Рымашэўскі, Дзмітрыеў мае намер заўтра правесці прэс-канферэнцыю.

Дзмітрыеў і Рымашэўскі былі затрыманы ў ноч на 20 снежня пасля акцыі пратэсту апазіцыі. Абодва яны ўваходзяць у лік 22 падазроных, якім выстаўлены абвінавачанні па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня. Справа знаходзіцца ў вытворчасці следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама.

Большасць абвінавачаных застаюцца ў СІЗА КДБ. У іх ліку — былыя кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Аляксей Міхалевіч, а таксама давераная асоба Рымашэўскага Павел Севярынец, карэспандэнт расійскай "Новой газеты" жонка Саннікава Ірына Халіп, намеснік старшыні міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" Анастасія Палажанка, прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў, давераная асоба экс-кандыдата Яраслава Раманчука Анатоль Лябедзька, журналістка Наталля Радзіна і іншыя палітычныя і грамадскія актывісты.