Колькасць падазроных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску ўзрасла да 25

Колькасць падазроных па крымінальнай справе аб масавыя беспарадках у Мінску ўзрасла з 23 да 25, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле звестак праваабарончага рэсурсу spring96.org, у спіс падазроных уключаныя ўдзельнікі акцыі 19 снежня Дзмітрый Новік і Мікіта Ліхавід. Апошні адбывае 15-сутачны арышт у Жодзінскім СІЗА. Да гэтага 23-м падазроным стаў кіраўнік выбарчага штаба Мікалая Статкевіча Сяргей Марцалеў, якога знялі з цягніка Мінск — Варшава на беларускай мяжы. Крымінальная справа распачатая следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па частках 1 і 2 артыкула 293 КК (масавыя беспарадкі). Паводле часткі 1 гэтага артыкула, "арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады", караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Паводле часткі 2, "удзел у масавых беспарадках, які выразіўся ў непасрэдным учыненні дзеянняў, названых у частцы першай гэтага ж артыкула", караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. У ліку падазроных сем экс-кандыдатаў у прэзідэнты: змешчаныя ў СІЗА КДБ Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, а таксама Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, з якіх узятая падпіска аб нявыездзе. У той жа час месцазнаходжанне Уса цяпер невядомае. Астатнія 18 падазроных па справе — прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў, грамадскія актывісты, журналісты і былы супрацоўнік міліцыі: - Аляксандр Арастовіч, давераная асоба Статкевіча; - Дзмітрый Бандарэнка, давераная асоба Саннікава; - Сяргей Вазняк, давераная асоба Някляева; - Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штаба Някляева; - Аляксандр Класкоўскі, былы супрацоўнік міліцыі; - Уладзімір Кобец, кіраўнік штаба Саннікава; - Алег Корбан, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука; - Анатоль Лябедзька, давераная асоба Раманчука; - Мікіта Ліхавід, удзельнік акцыі; - Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штаба Статкевіча; - Дзмітрый Новік, удзельнік акцыі; - Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар Саннікава; - Анатоль Паўлаў, кіраўнік выбарчага штаба Раманчука; - Анастасія Палажанка, намеснік старшыні зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт"; - Наталля Радзіна, рэдактар інтэрнэт-сайта charter97.org; - Павел Севярынец, кіраўнік выбарчага штаба Рымашэўскага; - Аляксандр Фядута, давераная асоба Някляева; - Ірына Халіп, карэспандэнт расійскай "Новой газеты", жонка Андрэя Саннікава. На працягу 10 сутак з моманту затрымання ім павінны прад'явіць абвінавачанне ці адпусціць іх. Паводле паведамлення сайта charter97.org, у панядзелак супрацоўнікі КДБ правялі вобыскі ў кватэрах Дзмітрыя Бандарэнкі, Уладзіміра Кобеца, а таксама старэйшага сына Андрэя Саннікава Канстанціна.

Дзмітрый Уласаў, "БелаПАН"