ЦВК адхіліла скаргу Кастусёва і прызнала вынікі выбараў

Цэнтравыбаркам Беларусі на сваім паседжаньні аднагалосна адхіліў скаргу былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва аб прызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

Гэтым жа галасаваньнем ЦВК вырашыла не зьвяртацца да кіраўніцтва краіны з просьбай аб вызваленьні затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты. З асноўным дакладам па скарзе Рыгора Кастусёва выступіла кіраўніца юрыдычнага аддзелу ЦВК Надзея Кісялёва. Паводле яе слоў, скарга, якую падаў Кастусёў, ня ўтрымлівае фактаў, якія б сьведчылі, што былі парушэньні, якія паўплывалі на вынікі выбараў. Кісялёва заявіла, што ў фактах, выкладзеных Кастусёвым, большая палова не пацьвярджае парушэньняў выбарчага заканадаўства. А тыя парушэньня, якія пацьвердзіліся, не ўплываюць на вынік галасаваньня па ўсёй краіне.Давераная асоба Кастусёва Алесь Лагвінец выступіў на паседжаньні ЦВК з палітычнай заявай, у якой сказаў, што ў беларусаў забіраюць права на выбары, і нагадаў, што над сябрамі ЦВК вісіць пагроза люстрацыі. Давераныя асобы кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава — Юрась Хадыка і Алеся Міхалевіча — Кастусь Лукашоў зьвярнуліся да ЦВК зь дзьвюма просьбамі: па-першае, аб прызнаньні выбраў несапраўднымі, і па-другое, аб хадайніцтве з боку ЦВК да кіраўніцтва краіны, каб вызваліць затрыманых кандыдатаў. На гэта старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказала, што кандыдаты ведалі, на што ішлі, што яны ня дзеці і разумеюць, што такім вялікім натоўпам нельга кіраваць. Яна сказала, што ЦВК ня будзе хадайнічаць аб вызваленьні кандыдатаў, бо калі зрабіць гэта, то ЦВК ператворыцца "ў палітыканствуючы орган". "Мы ня будзем умешвацца ў працу праваахоўных органаў", — сказала Ярмошына.Вынікі галасаваньня:Рыгор Кастусёў 1.97%Аляксандар Лукашэнка 79.65%Аляксей Міхалевіч 1.02%Уладзімер Някляеў 1.78%Яраслаў Раманчук 1.98%Віталь Рымашэўскі 1.09%Андрэй Саньнікаў 2.43%Мікола Статкевіч 1.05%Віктар Цярэшчанка 1.19Дзьмітрый Вус 0.39%Супраць усіх 6.4%

svaboda.org