У Беларусі стартавала грамадская кампанія "Анёл-захавальнік", закліканая падтрымаць асуджаных за ўдзел у акцыі 19 снежня

У Беларусі стартавала грамадская кампанія "Анёл-захавальнік", закліканая падтрымаць асуджаных за ўдзел у акцыі 19 снежня. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі http://help.roh-roh.net. Як заяўлена на сайце, кампанія не носіць палітычнага характару, і далучыцца да яе могуць людзі любых поглядаў: "галоўнае — жаданне дапамагчы тым, каму зараз вельмі няпроста, хто сустракае святы ў халоднай камеры без самых неабходных рэчаў". "З-за таго, што інфармацыя пра зняволеных не сістэматызавана, дапамога аказваецца вельмі нераўнамерна, — гаворыцца на сайце. — Чалавеку, які знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, можна перадаць толькі адну перадачу ў дзень. Не ведаючы адзін пра аднаго, розныя людзі спрабуюць дапамагчы аднаму і таму ж зняволенаму — і ім адмаўляюць у прыняцці перадачы. А ў той жа час іншы чалавек можа сядзець у камеры без цёплых рэчаў, таму што яго сябры і сваякі жывуць далёка ад Мінска або не ведаюць пра яго лёс. Нехта не паспявае дабрацца да Жодзіна, а нехта едзе туды ў паўпустой машыне. Дзейнічаючы разам, можна пазбегнуць такіх памылак і хутка дапамагчы ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу". Сайт кампаніі дазваляе людзям, якія ўжо дапамагаюць зняволеным, скаардынаваць дзеянні. "Анёлам-захавальнікам" прапаноўваюць арганізаваць перадачу ў ізалятар цёплых рэчаў і прадметаў гігіены, сабраць грошы для далейшай дапамогі і лячэння падапечных, арганізаваць іх сустрэчу з ізалятара. Асобная просьба звернута да "анёлаў-вадзіцеляў": аўтамабілістам прапаноўваюць дапамагчы з дастаўкай перадач, сустракаць і развозіць па дамах тых, хто будзе вызвалены. Падрабязныя інструкцыі пра тое, што і як трэба рабіць, размешчаны на сайце кампаніі http://help.roh-roh.net.
Сяргей Пульша, "БелаПАН"