Пяць кандыдатаў у прэзідэнты атрымалі папярэджанні Генпракуратуры

Генеральная пракуратура вынесла пяці кандыдатам у прэзідэнты Беларусі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства.

Паводле звестак БелаПАН, папярэджанні атрымалі Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Яраслаў Раманчук і Андрэй Саннікаў. Нагодай для гэтага сталі заклікі апазіцыйных кандыдатаў да правядзення несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ў дзень выбараў, 19 снежня. Варта адзначыць, што Статкевіч і Рымашэўкі папярэджаны паўторна: першы раз Генпракуратура папярэджвала іх за заклік да выбаршчыкаў узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада. Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Някляева Юлія Рымашэўская, 9 снежня на мабільны тэлефон кандыдата патэлефанаваў "нейкі чалавек з Генпракуратуры". Ён паведаміў, што ў выпадку правядзення незаконнай акцыі 19 снежня ў дачыненні да Некляева будзе распачата крымінальная справа. "Той чалавек запэўніў, што заўтра ж паведамленне прыйдзе па дамашнім адрасе ў паштовую скрыню", — сказала Рымашэўская. Уладзімір Някляеў пракаментаваў гэта так: "Запалохванне пераследам — турмой, крыміналам. Нічога новага наш рэжым не прыдумаў. І чым бліжэй да галасавання, калі будзе вырашацца лёс рэжыму, тым меншай будзе яго дэманстратыўная дэмакратыя. Яна заканчваецца. А пачынаецца звычайнае". Аналагічнае тэлефанаванне з Генпракуратуры паступіла Мікалаю Статкевічу. "Я адказаў, што галоўнае парушэнне заканадаўства — гэта забойства і знікненне апанентаў улады. А масавая акцыя 19 снежня — гэта рэалізацыя канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду сходаў. І калі пракуратура не збіраецца захоўваць Канстытуцыю, мы будзем рабіць гэта самі", — заявіў Статкевіч. Паводле слоў Яраслава Раманчука, яму на мабільны патэлефанаваў начальнік упраўлення па наглядзе за захаваннем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў. Ён паведаміў, што кандыдату вынесена папярэджанне, якое ў пісьмовым выглядзе будзе даслана на дамашні адрас. Раманчук заявіў у адказ, што плошча — гэта частка яго кампаніі як кандыдата ў прэзідэнты. "Гэта будзе зусім мірны сход, мы прыйдзем паслухаць, што нам скажа старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паводле вынікаў галасавання. Нічога супрацьзаконнага ці злачыннага ў гэтым я не бачу, так робіцца ва ўсіх цывілізаваных краінах свету", — падкрэсліў Раманчук. У штабах Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага пакуль не ведаюць пра папярэджанне Генпракуратуры.

Сяргей Пульша, "БелаПАН"