Апазіцыйным кандыдатам адмоўлена ў выдзяленні дадатковага тэлеэфіру

Цэнтрвыбаркам адмовіў апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ў выдзяленні дадатковага тэлеэфіру. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні ЦВК 9 снежня.
Нагадаем, сумесная заява Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава аб выдзяленні дадатковага тэлеэфіру была перададзена ў ЦВК раніцай 7 снежня падчас пікета, арганізаванага актывістамі грамадзянскіх кампаній "Еўрапейская Беларусь" і "Гавары праўду!". Прымаючы заявы, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў, што пытанне аб выдзяленні дадатковага эфірнага часу знаходзіцца ў кампетэнцыі Белтэлерадыёкампаніі, а ЦВК можа толькі рэкамендаваць зрабіць гэта. Як зазначыла сёння на пасяджэнні Таццяна Процька, член ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдата Някляева, фармат прайшоўшых тэлевыступленняў не дазволіў альтэрнатыўным кандыдатам у поўнай меры распавесці пра свае праграмы. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка расказваў пра сваю праграму фактычна два дні, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе. Яшчэ адзін член ЦВК з правам дарадчага голасу ад Някляева, Юрый Хадыка, заявіў: у інтарэсах Цэнтрвыбаркама і ўсяго беларускага народа даць магчымасць як мага больш поўна азнаёміцца з пазіцыямі кандыдатаў у прэзідэнты. Члены ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдатаў Віктара Цярэшчанкі, Яраслава Раманчука і Рыгора Кастусёва паведамілі, што названыя кандыдаты таксама лічаць неабходным выдзеліць ім для выступлення дадатковы эфір. У сваю чаргу сакратар ЦВК адзначыў: "Мы накіравалі запыт у Белтэлерадыёкампанію. Там адказалі, што свае абавязкі яны выканалі, параіўшы кандыдатам звярнуцца ў структуры, якія не ўваходзяць у Белтэлерадыёкампанію". Лазавік таксама паведаміў, што ў ЦВК паступілі заявы аб распаўсюджанні кандыдатам Някляевым у эфіры 3 снежня несапраўдных звестак у дачыненні да кіраўніцтва Полацкага і Бабруйскага выканкамаў. Апрача таго, сакратар ЦВК звярнуў увагу на тое, што ў сваіх тэлевыступленнях кандыдаты заклікалі грамадзян прыйсці на плошчу. "Я супраць таго, каб гучалі заклікі да супрацьпраўных дзеянняў", — заявіў Лазавік. Яго пазіцыю падтрымалі іншыя члены ЦВК. У выніку камісія аднагалосна прагаласавала супраць выдзялення кандыдатам дадатковага тэлеэфіру.
Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"