Рэдакцыі рэдагуюць праграмы кандыдатаў, каб не пацярпець самім

Брэсцкая абласная газета "Заря" адмовілася друкаваць перадвыбарчую праграму кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага ў тым выглядзе, як яна была пададзеная ў рэдакцыю. Па звестках, у рэдактара дзяржаўнага выдання з’явілася шмат прэтэнзій да зместу і асобных выразаў ды фармулёвак праграмы кандыдата ад БХД.

Але сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік не пагадзіўся з тым, што гэта была менавіта адмова рэдакцыі друкаваць праграму. Па яго словах, фактаў менавіта адмовы друкаваць чыюсьці праграму ЦВК не зафіксаваў увогуле. Толькі просьбы прывесці пададзены тэкст у адпаведнасць з заканадаўствам.Лазавік: "Па Рымашэўскім, наколькі я ведаю, там патрабаванне элементарнае. У тэксце праграмы змяшчаецца заклік да выбаршчыкаў прыйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу. Яму кажуць, Рымашэўскаму: "Калі гэты мітынг дазволены і вы падалі ў адпаведнасці з законам "Аб масавых мерапрыемствах" заяўку на правядзення гэтага мітынгу альбо сходу, гарвыканкам вам дазволіў – вы пакажыце дакумент, што гэты мітынг дазволены і мы надрукуем з гэтым заклікам вашу праграму". Але ж, кажа, Лазавік, у Мінгарвыканкам такой заявы не паступала і ніякага дазволу на такую акцыю няма. Таму патрабаванні рэдакцыі цалкам законныя, лічыць ён. Больш за тое, рэдактары вымушаныя ўважліва вычытваць праграмы кандыдатаў на наяўнасць "крамолы". Каб не пацярпець самім.Лазавік: "Ён разам з Рымашэўскім будзе несці адказнасць за гэта. Ён па законе будзе несці адказнасць. Навошта яму падстаўляць сваю галаву за ідэі іншага чалавека? І ён проста абавязаны не друкаваць такія матэрыялы, дзе тэксты пададзеныя з парушэннем закону – заклікаюць да нейкіх незаконных дзеянняў". А за такі недагляд рэдактар можа паплаціцца пасадай. Увогуле дзеянні рэдакцый, якія вяртаюць праграмы кандыдатам на рэдагаванне, Лазавік лічыць прыкметай лібералізму і дэмакратызацыі. Раней, кажа, рэдакцыі без узгаднення з кандыдатамі ўносілі змены ці выкрэслівалі выразы, якія выклікалі незадаволенасць рэдактароў, а зараз просяць гэта рабіць саміх аўтараў.

Зміцер Лукашук, "Еўрарадыё"