ТБМ і Мінкульт чакаюць ад Саўміну Года беларускай культуры і мовы

Міністэрства культуры падтрымала ініцыятыву Таварыства беларускай мовы, каб 2011 год быў абвешчаны Годам беларускай культуры і мовы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня таварыства Алег Трусаў. Па яго словах, такую прапанову ТБМ вылучае ўжо трэці год, але два гады яе адхілялі.

Трусаў: "Вельмі прыемна, што Міністэрства культуры падтрымала, але не вядома ці падтрымаюць яшчэ іншыя. Калі будзе прынята, то будзе ўказ прэзідэнта, будуць вылучаныя грошы на нейкія культурніцкія праграмы, звязаныя з культурай, мовай – як заўжды бывае. Гэта значыць, будзе нейкая матэрыяльная падтрымка мовы. Мы вельмі хацелі, каб гэта было". Дарэчы, з наступнага года ўсе законапраекты будуць рыхтавацца на дзвюх дзяржаўных мовах - беларускай і рускай. Пра гэта паведаміла намесніца дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Людміла Панфёрава.

"Еўрарадыё"