Чырвонаму касцёлу – 100 гадоў

21 лістапада спаўняецца 100 гадоў з часу высвячэння храма, які стаў візітоўкай сталіцы. Без яго немагчыма ўявіць Мінск. Лёс Чырвонага касцёла сугучны лёсу нацыі ў апошняе стагоддзе.

bymedia.net

Яго падарылі Мінску Эдвард Вайніловіч і яго жонка Альбіна. У канцы XVIII ст. у Мінску было 15 касцёлаў ды 5 уніяцкіх цэркваў. А праз сто гадоў застаўся ўсяго адзін. У 1903 г. вернікі паставілі дзве тысячы подпісаў пад заявай аб патрэбе будаўніцтва новай святыні.

Міравы суддзя, стацкі дарадца, дэпутат расійскай Дзярждумы, шматгадовы старшыня Мінскага сельскагаспадарчага таварыства Эдвард Вайніловіч узяўся ўзвесці касцёл за прыватны кошт у памяць сына Сымона, які пражыў толькі 12 гадоў. Пакуль чынавенства разглядала заяву мінскіх вернікаў, Вайніловічаў напаткала яшчэ адна трагедыя: памерла іх 18-гадовая дачка Алена-Бянігна. Вайніловічы вырашылі пабудаваць касцёл у гонар святых Сымона і Алены — як памятку па сваіх дзецях.

У камітэт для кіравання будаўніцтвам новага касцёла, апроч Вайніловіча, увайшлі такія шанаваныя ў Мінску асобы, як гарадскі галава М.Валовіч, ксёндз А.Ака, графы Любанскі і Чапскі.

Праектаваць новы касцёл Вайніловіч даручыў прускаму архітэктару Тамашу Пайздэрскаму. Выява створанага ім храма неараманскага стылю ў прускім Ютрасіне трапілася на вочы фундатару і надзвычай яго ўразіла.

Узоры ўсіх дэталяў, нават завесы і клямкі на дзверы, падрыхтаваў сам Пайздэрскі, каб вытрымаць цэласнасць стылю. Але прускі грамадзянін не меў права будаваць касцёлы на тэрыторыі Расіі. Таму рабочая дакументацыя праекта была зробленая ў майстэрні Уладзіслава Марконі з Варшавы, а фармальныя правы даручаныя тутэйшаму інжынеру Ф.Барановічу.

Будаўніцтва пачалося ў маі 1906 г. і вялося фірмай «Гай-Свянціцкі&Co». Сучаснікі дзівіліся з якасці будаўнічых работ. Дыхтоўную чырвоную цэглу прывозілі аж з Чанстаховы, а дахоўку — з Улацлаўка. Для калонаў і алтароў быў падрыхтаваны ружовы пясчанік і мармур з Польшчы.

Вежа-званіца касцёла Сымона і Алены стала самым высокім збудаваннем тагачаснага Мінска. А сам ён — найбольшым храмам у горадзе.

Дзень 21 лістапада 1910 г. стаў сапраўдным святам горада, натоўп гараджанаў сышоўся на зовы званоў «Міхала», «Эдварда» і «Сымона», што веставалі пра асвячэнне новага храма.

Дарэчы, Вайніловіч спрыяў беларускаму руху. Ён сябраваў з Раманам Скірмунтам, сустракаўся з Іванам Луцкевічам, добра ведаў Вацлава Іваноўскага, ахвяраваў грошы на «Нашу Ніву». Вайніловіч падтрымаў утварэнне БНР, удзельнічаў у паседжанні яе Рады.

З прыходам бальшавікоў касцёл прыстасавалі спачатку пад Польскі тэатр БССР, а пасля — аддалі пад кінастудыю.

У часе Другой сусветнай вайны храм быў вернуты парафіі. Пробашчамі ў ваенны час былі а. Вінцэнт Гадлеўскі і а. Станіслаў Глякоўскі, якіх нацысты расстралялі ў Трасцянцы за ўдзел у незалежніцкім падполлі.

Антон Шукелойць, у часе вайны дырэктар Гістарычнага музея, вярнуў у касцёл абраз Божай Маці ў стылі мадэрн: з краявідам Мінска, касцёлам і ўкленчанымі дзецьмі Вайніловіча. З гэтым абразом у музеі за саветамі была праблема: людзі на яго жагналіся…

Пасля 1945 г. у касцёле зноў была кінастудыя. На другім паверсе зрабілі павільёны, куды для здымак усцягвалі і машыны, і коней… Тут здымалі стужкі «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Дзяўчынка шукае бацьку», — кінакласіку БССР.

Рабіліся спробы цалкам знішчыць святыню. У 1960-я быў распрацаваны праект самага вялікага ў Мінску шырокафарматнага кінатэатра на месцы Чырвонага касцёла. Кажуць, перашкодзілі пратэсты інтэлігенцыі. Яшчэ кажуць — касцёл не ўзарвалі, бо баяліся пашкодзіць Дом ураду…

У 1970-я ў Чырвоным касцёле размясціўся Дом кіно. Мастак Гаўрыла Вашчанка зрабіў вітражы, што ўвасаблялі алегорыі пяці мастацтваў. Мастак згадваў: аб’ект прымалі Машэраў, Кісялёў, Кузьмін, іншае начальства. Быў пахмурны і ветраны дзень. Сонца выблісне — вітражы як зайграюць!

Машэраў казаў сваім паплечнікам з ноткай пакаяння: «Ну, бачыце, а мы хацелі разбурыць такую каштоўнасць!»

Ва ўтульных глядзельных залах партыйныя работнікі праглядалі заходняе кіно — на прадмет эротыкі і гвалту. Вызначалі, што можна паказваць народу, а што не…

А ў канцы 1980-х у Чырвоным касцёле адбылася знакавая падзея нацыянальнага вызвалення: 19 кастрычніка 1988 г. у дольнай зале храма было ўтворанае Таварыства памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій «Мартыралог Беларусі». А пры «Мартыралогу» — аргкамітэт па стварэнні Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» на чале з Зянонам Пазняком. Прысутны на паседжанні супрацоўнік ЦК хацеў сарваць абвяшчэнне, але, дзякуючы цвёрдасці Васіля Быкава, гэта не ўдалося.

У 1990 г. святыня была аддадзеная вернікам.

Дзякуючы велізарным намаганням пробашча Уладыслава Завальнюка і ўсёй парафіяльнай грамады, касцёл стаў цэнтрам рэлігійнага жыцця і асветы.

Цяпер богаслужбы тут ідуць і ў рымскім, і ў грэцкім абрадах. І тут я хрысціў сваю дачку, якой, як падрасце, я буду расказваць пра гэты храм багата дзіўных гісторыяў… А гісторыя пруска-польска-беларускага храма не сканчаецца: помнік рэдактару газеты «Звязда», што ля касцельнай агароджы, Амельянюку, будзе перанесены на другі бок. А на ягонае месца, ужо асвечанае, паставяць помнік Яну Паўлу ІІ. А скульптуру Арханёла Міхала перанясуць на месца «Звона Нагасакі», што будзе таксама перамешчаны… Суцэльны колазварот. Але гэта і ёсць жыццём…

***

21 лістапада а 12-й, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету, пройдзе ўрастая літургія, якая стане кульмінацыйным момантам святкавання.

Святую Імшу ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Гамілію прамовіць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На літургію запрошаны іерархі з Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, іерархі з-за мяжы, прадстаўнікі дыпламатычных місій хрысціянскіх краін.

Некаторыя вернікі ў гэты памятны дзень атрымаюць сакрамэнт канфірмацыі.

Сяргей Харэўскі, "Наша Ніва"