Сёння стануць вядомыя імёны кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі

Цэнтрвыбаркам сёння прыме рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Пасяджэнне ЦВК пачнецца ў 12.00 у Палацы Рэспублікі.

На яго запрошаны прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы і кіраўнікі іх ініцыятыўных груп. Асабістая прысутнасць патэнцыяльных кандыдатаў неабавязковая, аднак чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка наведае пасяджэнне, паведамілі БелаПАН у Цэнтрвыбаркаме. Нагадаем, заяву аб згодзе балатавацца кандыдатам у прэзідэнты ў ЦВК перадалі 11 чалавек: - намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў; - дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка; - кіраўнік саюза "За мадэрнізацыю" Алесь Міхалевіч; - лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў; - індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска Уладзімір Правальскі; - намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук; - сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі; - лідар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў; - лідар аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч; - эканаміст Віктар Цярэшчанка; - дырэктар ТДА "Трывіум" Дзмітрый Ус. У ЦВК ужо заявілі, што няма шанцаў стаць кандыдатам у прэзідэнты ва Уладзіміра Правальскага, які не здолеў сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў. Пасля рэгістрацыі кандыдаты ў прэзідэнты змогуць пачаць агітацыйную кампанію.

На сённяшнім пасяджэнні ЦВК пройдзе лёсаванне эфірнага часу для выступленняў кандыдатаў. Як паведамлялася раней, выступленні па тэлебачанні будуць праходзіць з 22 лістапада па 3 снежня ў рабочыя дні з 19.00 да 20.00, па радыё — з 6.00 да 7.10. Пасля 3 снежня кандыдаты ў прэзідэнты змогуць узяць удзел у тэле- і радыёдэбатах.
Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"