Дзень «Ж» для кандыдатаў

8 лістапада завяршылася праверка сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты.

Пратаколы праверак, зацверджаныя тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі, не пазней за сённяшні дзень павінны быць перададзеныя ў абласныя і Мінскую гарадскую камісіі.

Не пазней за 13 лістапада ўключна звесткі пра колькасць выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты па абласцях і Мінску, паступяць у Цэнтрвыбаркам.

Да гэтага ж тэрміну прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта павінны перадаць у Цэнтральную камісію заяву аб згодзе балатавацца кандыдатам у прэзідэнты, анкету з біяграфічнымі звесткамі і дэкларацыю аб даходах і маёмасці.

Як паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, папярэднія звесткі аб подпісах, прызнаных тэрытарыяльнымі камісіямі несапраўднымі, з’явяцца 9 лістапада.

«Але нас цікавяць не столькі несапраўдныя подпісы, а тое, ці хопіць сапраўдных для рэгістрацыі прэтэндэнта кандыдатам у прэзідэнты.

Такіх подпісаў павінна быць не менш чым сто тысяч», — сказаў Лазавік.

Рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты Цэнтрвыбаркам павінен правесці з 14 па 23 лістапада ўключна.

Паводле папярэдняй інфармацыі, адпаведнае пасяджэнне Цэнтральнай камісіі адбудзецца 18 лістапада.

Нагадаем, больш за сто тысяч подпісаў у тэрытарыяльныя камісіі здалі ініцыятыўныя групы 11 прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Аднак большасць подпісаў у падтрымку прадпрымальніка з Віцебска Уладзіміра Правальскага прызнаныя несапраўднымі. 5 лістапада старшыня Цэнтрвыбаркама Ярмошына паведаміла журналістам, што і ва ўсіх астатніх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта выбарчыя камісіі выяўляюць «некарэктныя подпісы». Паводле яе слоў, практычна ўсе кандыдаты страцілі па некалькі тысяч подпісаў.

Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"