Рашэнне ЗША аб санкцыях у дачыненні да Беларусі будзе залежаць ад прагрэсу ў сферы дэмакратыі

Рашэнне ЗША аб санкцыях ў адносінах да Беларусі будзе залежаць ад прагрэсу беларускай улады ў сферы дэмакратыі, выканання правоў чалавека і вяршэнства закона. Пра гэта заявіў часовы павераны ў справах ЗША Майкл Скэнлан 5 лістапада, выступаючы на XIII Мінскім форуме.

"ЗША гатовыя да супрацоўніцтва на аснове дэмакратычных прынцыпаў. Паляпшэнне сітуацыі ў гэтых пытаннях важнае для нашага дыялогу і будзе ўплываць на наша рашэнне аб санкцыях", — падкрэсліў Скэнлан. Амерыканскі дыпламат зазначыў, што снежаньскія прэзідэнцкія выбары будуць "выдатным шанцам для беларускага ўрада паказаць, што ён гатовы прыняць і выконваць міжнародныя стандарты і нормы". ЗША спадзяюцца, падкрэсліў Скэнлан, што ўсе кандыдаты атрымаюць свабодны доступ да СМІ, будуць праведзеныя адкрытыя дэбаты, а назіральнікі будуць мець магчымасць бесперашкодна ажыццяўляць свае функцыі, у тым ліку ў частцы назірання за падлікам галасоў. "Мы чакаем, што ў Беларусі гэтыя працэсы будуць праходзіць у адпаведнасці з дэмакратычнымі нормамі. Для нас больш важна гэта, а не вынік выбараў", — сказаў амерыканскі дыпламат. Скэнлан таксама паведаміў БелаПАН, што пытанне аб санкцыях у адносінах да Беларусі і іх працягу зараз абмяркоўваецца ў Вашынгтоне. Рашэнне павінна быць вынесенае ў другой палове лістапада.

У сваю чаргу, намеснік начальніка ўпраўлення знешнепалітычнага аналізу МЗС Андрэй Шупляк, выступаючы на форуме, заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў нармальных адносінах са Злучанымі Штатамі. "Дзеянне аднабаковых санкцый, уведзеных ЗША, з'яўляецца галоўнай перашкодай на шляху нашага ўзаемадзеяння. Іх адмена адкрые новыя магчымасці ў развіцці нашых адносінаў", — сказаў ён. ЗША прымяняюць супраць Беларусі два віды санкцый. Візавыя і фінансавыя абмежаванні ў дачыненні да вышэйшых беларускіх дзяржчыноўнікаў былі ўведзеныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, прызнаных міжнароднай супольнасцю недэмакратычнымі. Гэтыя санкцыі прэзідэнт ЗША Барак Абама ў чэрвені 2010 года працягнуў яшчэ на год.

Апрача таго, у канцы 2007 года Вашынгтон пачаў выкарыстоўваць у адносінах да Мінска меры эканамічнага ўздзеяння. Былі ўведзеныя санкцыі ў адносінах да дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім" і некаторых прадпрыемстваў, што ўваходзяць у яго. Прычынай таксама паслужыла адсутнасць дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

Зараз гэтыя санкцыі часткова прыпыненыя. Аднак у 2008 годзе яны сталі прычынай сур'ёзнага дыпламатычнага канфлікту паміж Беларуссю і ЗША, калі бакі адклікалі паслоў для кансультацый і значна скарацілі колькасць супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтваў. Паўнацэнная дзейнасць пасольстваў не адноўлена дагэтуль.

Таццяна Каравянкова, "БелаПАН"