Ярмошына схлусіла на дэбатах

Старшыня ЦВК: «Ніхто з прадстаўнікоў штабоў не выказваў прэтэнзій наконт формы правядзення тэлевізійных дэбатаў». Апазіцыя: Мы асабіста заяўлялі Ярмошынай аб неабходнасці дэбатаў ужывую.
photo.bymedia.net

Старшыня ЦВК, Лідзія Ярмошына, заявіла на прэс-канферэнцыі 1 лістапада, што пакуль «ніхто з кандыдатаў і прадстаўнікоў штабоў не выказваў адкрыта прэтэнзій наконт формы правядзення тэлевізійных дэбатаў». Нагадаем, іх плануецца паказваць у запісе. Па словах Лідзіі Ярмошынай, БТ прасцей праводзіць дэбаты ў такой форме.

«НН» пацікавілася ў кіраўнікоў ініцыятыўных груп некаторых кандыдатаў. Ці насамрэч яны згодныя з правядзеннем дэбатаў у запісе. Аказалася, што гэта зусім не так.

Аляксей Янукевіч, кіраўнік перадвыбарчага штабу Рыгора Кастусёва, сказаў «Нашай Ніве», што запіс дэбатаў — «гэта смешная прапанова». «Мы неаднаразова заяўлялі публічна, што дэбаты трэба праводзіць у жывым эфіры.

Запіс дэбатаў — гэта рэжысура неабходнай карцінкі»,

— заявіў спадар Янукевіч.

Такой думкі трымаецца і кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ад БХД Павел Севярынец: «Запіс — гэта цырк. Мы разглядаем магчымасць удзелу ў дэбатах толькі ў тым выпадку, калі гэта будуць дэбаты ў жывым эфіры, з удзелам Лукашэнкі. Я ведаю, якімі метадамі працуе БТ. Маю цэлую калекцыю фільмаў аб сабе, зробленых на гэтым канале. Таму мы не пагаджаемся з дэбатамі ў запісе і не хаваем гэтага». П.Севярынец таксама зазначыў, што лічыць пісанне заяваў у ЦВК пустым марнаваннем часу. Але «калі мы трапім на паседжанне ЦВК, то абавязкова будзем гаварыць аб неабходнасці правядзення дэбатаў у жывым эфіры», — кажа Севярынец.

У штабе Уладзіміра Някляева заява Лідзіі Ярмошынай выклікала смех.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Някляева Андрэй Дзмітрыеў, зазначыў, што асабіста заяўляў Ярмошынай аб неабходнасці правядзення дэбатаў ужывую: «Мы патрабавалі гэтага падчас разгляду скаргі на нашу ініцыятыўную групу.

Лічым, што можна браць удзел толькі ў жывых дэбатах. Калі гэта будзе запіс, то сэнсу ў іх няма».

Не бачыць сэнсу ў правядзенні тэледэбатаў у запісе і кіраўнік штабу Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў. «Вядома, мы выступаем за правядзенне дэбатаў у жывым эфіры», — заявіў Атрошчанкаў.

Алесь Пілецкі, "Наша Ніва"