Эксперты АБСЕ, якія прыбылі ў Мінск для азнаямлення з матэрыяламі па справе гібелі Алега Бябеніна, практычна завяршылі працу

Эксперты АБСЕ з Нарвегіі і Швецыі, якія прыбылі 25 кастрычніка ў Мінск для азнаямлення з матэрыяламі па справе аб гібелі журналіста Алега Бябеніна, практычна завяршылі сваю працу. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Генеральнай пракуратуры.

Паводле звестак суразмоўцы агенцтва, судоваму медыку і крыміналісту, якіх вызначыў цэнтральны офіс АБСЕ ў Вене, хапіла перакладзеных для іх на англійскую мову матэрыялаў расследавання беларускіх праваахоўных органаў. Замежныя спецыялісты наведалі месца здарэння ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна, у дачным доме Алега Бябеніна, сустрэліся з яго сябрамі і тымі, хто ў ліку першых убачыў журналіста ў пятлі. Паводле наяўнай інфармацыі, 28 кастрычніка эксперты маюць намер сустрэцца з лідарам кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэем Саннікавым, у камандзе якога Бябенін быў адной з ключавых фігур.

Эксгумацыі цела загінулага, хутчэй за ўсё, не будзе, паведамілі ў Генпракуратуры. Чакаецца, што еўрапейскія эксперты пакінуць Мінск 29 кастрычніка. Нагадаем, цела журналіста, якое вісела ў пятлі, было знойдзена ў яго дачным доме прыблізна ў 19.00 3 верасня. Органы пракуратуры правяраюць версію аб забойстве і інсцэніроўцы самагубства Бябеніна.

Правядзенне праверкі па факце гібелі Бябеніна завяршаецца 3 лістапада. Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1990-х гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты "Имя". Заснаваў у 1998 годзе сайт charter97.org і быў яго кіраўніком. У яго засталіся жонка і два сыны.

Вячаслаў Будкевіч, "БелаПАН"