Яфіму Тарасу — сто гадоў

Сёлета споўнілася 100 гадоў славутаму беларускаму мастаку-плакатысту, графіку і афарміцелю Яфіму Тарасу. Лёс гэтага чалавека і яго творчага даробку – ужо асобная гісторыя, у якой адлюстравалася гісторыя велізарнай краіны.

Сёння ягоная творчасць прадмет дасціпных каментароў аматараў і шчырай цікавасці спецыялістаў. Але для абсалютнай большасці людзей, нават звязаных з мастацтвам, творчасць Яфіма Тараса спачыла, недзе пад каламутнымі хвалямі часу, на тым ягоным дне, дзе і ўся тая краіна, якой ён аддана служыў.

Ён нарадзіўся ў Мінску яшчэ за царом, а ў 14 гадоў ужо вучыўся ў мастацкай студыі ў Ленінградзе...

Яфім Тарас быў адным з апошніх вучняў таго Віцебскага мастацкага тэхнікума, заснаваным Шагалам.

У даваенны перыяд у Мінску мастацкая навучальная ўстанова так і не была створана, і Віцебск быў галоўным вучэбна-педагагічным цэнтрам выяўленчага мастацтва. У тэхнікуме ў 1930-1936 гг. працавала паліграфічнае аддзяленне, якое і скончыў Яфім Тарас. Ён часта падчас вучобы ў горадзе над Дзвіною, бачыў старога Пэна, яго настаўнікамі былі выбітныя графікі Эндэ, Мінін, Фогт, чыя спадчына ёсць класікай нашага мастацтва. Але іхныя зямныя шляхі былі трагічна абарваныя яшчэ да вайны. Ці мог пра гэта не ведаць малады Яфім Тарас?..

...У ягонай творчай біяграфіі ёсць выдатная глава, прысвечаная беларускаму кніжніцтву.

Гэта ў ягоных графічных шатах выходзілі кніжкі Міхася Зарэцкага, Максіма Лужаніна, даваенныя зборы твораў Купалы і Коласа, з якім, дарэчы, малады мастак быў звязаны і прыватнымі, асабістымі дачыненнямі. Як і з многімі іншымі беларускімі літаратарамі, чые кнігі ён афармляў... Усё -- класіка. Між іншым, ён стварыў у свой час і барэльефныя партрэты сваіх блізкіх знаёмцаў, Купалы і Коласа. Графік Тарас стварыў безліч паліграфічных артэфактаў -- марак, паштовак, этыкетак, афішаў, будучы, па сутнасці, адным са стваральнікаў таго стылю жыцця.

Але, перадусім, ён стаў аўтарам сотняў савецкіх плакатаў, у якіх быў народжаны новы стыль, пазбаўлены ўсялякай тэатральнасці, стыль імпазантнага холаду, да якога рухалася тады чырвоная імперыя. Гледзячы на вусцішны холад пунсовых і алых плакатаў,

разумееш тагачасны фундаментальны закон мастацтва: стыль, стыль і яшчэ раз стыль…

Стыль, імпазантны і бесстаронні, што габлявалі, выточвалі, паліравалі сотні славутых і безыменных творцаў. Менавіта тут мастаку Тарасу надалася яго класічная віцебская школа -- бездакорныя кампазіцыі, цвёрды, упэўнены малюнак і вышэйшая шрыфтавая культура.

Толькі на першы погляд можа падацца парадоксам, чаму цяперашняя ўлада, што гэтак шануе сталіншчыну, не заўважыла стогадовага юбілею творцы, што ў немалой ступені сфармаваў тагачасны кшталт палітычнага плакату.

Бадай, гэткая спроба забыцця тлумачыцца бояззю прадэманстраваць убоства і эстэтычную непаўнавартасць сённяшняга культу асобы.

А яшчэ таму, што большасць з таго, што на свой час рабіў графік-афарміцель Яфім Тарас, зроблена па-беларуску... Бо, нават у самыя бязлітасныя і нядобрыя часы для нашай нацыянальнай культуры, беларускі паводле формы эрзац быў законам. То бок, часткаю вялікага стылю... А таму выстава плакатаў, прысвечаная 100-годдзю беларускага мастака-графіка Яфіма Тараса адкрылася не ў дзяржаўных залах, а ў Саюзе дызайнераў, на той невялікай тэрыторыі свабоды, што яшчэ засталася ў нас... Атрымліваецца, што незалежны творчы саюз сёння рупіцца пра захаванне памяці пра эпоху. Дзеля чаго?.. Дзеля таго, каб мы не забывалі ў што можа пераўтварыцца чалавечае жыццё, аддадзенае ў ахвяру ідэалагічным хімерам.

Натуральна, тут прадстаўлена не толькі палітычная агітацыя.

Ёсць тут нямала і віртуозных рэкламных плакатаў,

экспазіцыю якіх арганізатары рупліва дапоўнілі тымі самымі рэчамі, набываць якія яны заклікалі: акардэоны, радыёпрыёмнікі, шавецкія машынкі. Ёсць унікальная магчымасць ня толькі ўбачыць, але і дакрануцца да паўзабытых рэаліяў незабыўнай эпохі.... У гэтых элегантных плакатах, зухава аздобленых завіткамі лёгкіх шрыфтоў можна адчуць і праўдзівую сутнасць таленавітага творцы, з выдатнай адукацыяй, у якога тая эпоха скрала права выбару...

***

Выстава праходзіць у памяшканні Саюза дызайнераў Беларусі па адрасе вул. Брылеўская, 14 (ст. метро – «Інстытут культуры», далей у бок аэрапорта Мінск-1 і Курасоўшчыны тралейбусамі №19, 27, 43, 51, 59, аўтобусам № 40, 73 да прыпынку «вул. Караткевіча».

Сяргей Харэўскі, "Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение