Сёння павінна быць прынята рашэнне ЕС аб санкцыях у дачыненні да групы беларускіх чыноўнікаў

На сённяшнім пасяджэнні міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза ў Бруселі павінна быць прынята рашэнне аб прадаўжэнні санкцый у дачыненні да 41 беларускага чыноўніка, уключаючы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку. Гэтае пытанне плануецца разгледзець у другой палове дня.
Як раней паведамляў БелаПАН, 21 кастрычніка еўрапейскія дыпламаты ўзгаднілі пытанне аб прадаўжэнні санкцый і тэкст адпаведнай заявы, якую плануецца прыняць сёння. Згодна з праектам гэтага дакумента, Еўрасаюз чарговым разам плануе прадоўжыць на год санкцыі ў дачыненні да групы высокапастаўленых службовых асоб Беларусі, што забараняюць ім уезд на тэрыторыю аб'яднанай Еўропы. Адначасова з прадаўжэннем санкцый, паводле звестак выдання EU Observer, ЕС дасць працяг і мараторыю на іх прымяненне ў дачыненні да 36 чалавек. Пад дзеянне мараторыя не трапляюць пяць чалавек — былы камандзір брыгады спецназу ўнутраных войск МУС Дзмітрый Паўлічэнка, два былых міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына. У заяве, якую плануецца прыняць сёння, гаворыцца, што Савет ЕС "вельмі шкадуе з прычыны адсутнасці прагрэсу" ў Беларусі ў такіх сферах, як вяршэнства закону, правы чалавека, свабода слова, сходаў і асацыяцый. У той жа час у дакуменце адзначаецца: "Савет зноў нагадвае аб крытычнай важнасці палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і неабходнасці захаваць палітычны дыялог з Беларуссю на высокім узроўні як спосабе знайсці паразуменне і стварыць магчымасць для вырашэння тых праблем, якія выклікаюць занепакоенасць". Абмеркаванне дакумента паказала, што ўдзельнікі пасяджэння па-рознаму разумеюць фармулёўку "крытычная важнасць", якую ўтрымлівае заява. "Некаторыя еўрапейскія дыпламаты інтэрпрэтавалі гэта ў тым сэнсе, што ЕС негатыўна ацэньвае сітуацыю ў Беларусі. Паводле меркавання іншых, гэтая фраза азначае, што адносіны ЕС — Беларусь знаходзяцца ў крытычным пункце з-за выбараў", — піша EU Observer. У дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік да беларускіх улад правесці прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з нормамі і стандартамі міжнароднага права. Паводле звестак EU Observer, Еўракамісія распрацавала спецыяльны план для Беларусі па рэформах, якія могуць быць праведзены на працягу трох-пяці гадоў. Але гэты план будзе запушчаны пасля выбараў, калі яны пройдуць без грубых парушэнняў. Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзены ў 2004 годзе ў дачыненні да чатырох беларускіх чыноўнікаў, к 2006 году спіс узрос да 41 чалавека. Першымі ў спіс трапілі чатыры прадстаўнікі сілавых структур, якія мелі дачыненні, на думку ЕС, да знікнення ў Беларусі ў 1999—2000 гадах апазіцыйных палітыкаў, — гэта Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка. У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, спіс папоўнілі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Юрый Падабед. У красавіку 2006 года спіс быў пашыраны да 37 чалавек: у яго трапіў і Аляксандр Лукашэнка, адказны, на думку ЕС, за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Крыху пазней да гэтага рашэння далучыліся яшчэ каля 10 краін, якія не ўваходзяць у ЕС. У кастрычніку 2006 года ў спіс неўязных былі ўключаны яшчэ чатыры чыноўнікі: суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік — за прыгавор Аляксандру Казуліну, а таксама суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Леанід Ясіновіч і дзяржабвінаваўца Андрэй Мігун — за прыгавор актывістам незарэгістраванай арганізацыі "Партнёрства". У кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краін ЕС упершыню прыпынілі на паўгода дзеянне санкцый для 36 чыноўнікаў. З таго часу Еўрасаюз некалькі разоў прымаў рашэнне аб прадаўжэнні санкцый і адначасова аб мараторыі на іх прымяненне. Пры гэтым на пецярых чалавек дзеянне мараторыя не распаўсюджвалася.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение